09/01/2018

Здзіўленне

У горадзе Кафарнауме Езус увайшоў у шабат у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. Мк 1, 21-22

Горад Кафарнаум евангельскіх часоў мог бы змясціцца ў адной не вельмі вялікай парафіі. У святы дзень у месцы малітвы збіраюцца людзі, усё, як звычайна. Магчыма, нават здагадваюцца, аб чым будзе гаварыць той ці іншы мясцовы равін. Часта бывае, зрэшты, што навучанне нават розных настаўнікаў робіцца вельмі падобным нават у інтанацыях. Але ў гэты шабат усіх прысутных у сінагозе ахоплівае здзіўленне, якое немагчыма стрымаць, якім хочацца дзяліцца, абмяркоўваць. Аповеды атрымліваюцца няўдалымі, беднымі на словы, бо як перадаць такія пачуцці? Што праўда, у тыя часы сведкі маглі махнуць рукой і сказаць: "Ідзі сам і паглядзі!"




Можам паспрабаваць уявіць сабе нядзельную святую Імшу ў парафіі, дзе вернікі ўжо не надта адрозніваюць гаміліі пробашча і вікарыя, бо змест збольшага той самы. І найлепшы пастырскі клопат не здолее штотыдзень выглядаць па-новаму. Ёсць, канешне, рэкалекцыі ў Вялікім посце, у Адвэнце, святыя місіі, калі змяняецца прамоўца і змест казанняў. Але хто так сапраўды мог бы выклікаць агульнае здзіўленне ў звычайную нядзелю? Што такога павінна было б прагучаць, каб "прачнуліся" ўсе? І тут кожны з нас, напэўна, даў бы свае адказы, і невядома, ці ўдалося б нам дамовіцца пра штосьці канкрэтнае. 

Магчыма, прычына здзіўлення жыхароў Кафарнаума – таямніца ўлады, якая адчувалася ў Езусе? Улада, што была ў Ягоных словах, паставе, позірку, інтанацыі, учынках, дасягала сэрца кожнага чалавека, – яна належыць толькі Богу. І адзіная сапраўдная ўлада – любоў. Не страх, не сорам, не пагрозы, не перавага сілы, бо праявам прымусу можна супрацьстаяць. Калі ж чалавека ахінае Божая любоў, ён неверагодна здзіўляецца. І гэта не тое слова, так...

Калі Езус "вучыў іх", тлумачыў тыя ж Пісанні, што іншыя настаўнікі, але слухачам здавалася гэта новым вучэннем, нібыта яны ніколі не чулі пра любоў, не спазналі яе, не ажывалі ў Божых далонях.

Дух, які быў тады ў Езусе з Назарэту, цяпер ёсць у паўсюдным Касцеле. Езус, які вучыў у галілейскіх гарадах і вёсках, зараз у табернакулюм кожнай святыні. У тваім сэрцы. Дазволь Яму валадарыць.

No comments:

Post a Comment