Тады сказалі Яму фарысеі: Глядзі, чаму яны робяць у суботу тое, што не дазволена? Мк 2,24Я не гляджу, як глядзяць людзі, бо чалавек бачыць тое, што навідавоку, а Пан заглядае ў сэрца. 1 Сам 16
Чалавек глянуў – і асудзіў. Бог паглядзеў – і ўбачыў сэрца. Заўсёды
хтосьці збоку можа кіўнуць Пану на нас: "Глядзі!" Мы самі часам глядзім
на сябе, як найгоршыя суддзі. Але на самай справе гэта не страшна, не
так істотна, як тое, дзе нашае сэрца, і што ў ім зараз.
Вось
заінелы лес узыходзячае на марозе сонца фарбуе ў светла-ружовы колер.
На бліжэйшых дрэвах гэтага амаль нябачна, а ўдалечыні - сапраўдная
казка. Ясныя ўчасткі галінкак, асветленых сонечнымі промнямі, адцененыя
глыбокімі шэрымі колерамі. Кольк імгненняў будзе доўжыцца гэткае
хараство? Колькі такіх момантаў мы губляем, утаропіўшыся ў свае заняткі,
у мітуслівыя думкі, у паводзіны іншых людзей? Прырода – нібы адкрытая
кніга перад нашымі вачамі, і то мы спасцігаем усяго толькі невялікую
частку. Сэрца ж чалавека заўсёды застанецца таямніцай. Ці сапраўды нам
залежыць на тым, каб разгадваць яе нават у самых блізкіх людзях? Даўно
не сакрэт, што ёсць адзін шлях. Ён адкрыты, вядомы, ды мала хто трывала крочыць па ім. Так, шлях любові.
Бог
запрашае бачыць у людзях не толькі тое, "што навідавоку", але – як Ён –
заглядаць у сэрца. А гэта значыць, што трэба і любіць, як Ён. Мала
таго, любіць не толькі Бога, не толькі іншага, але і сябе самога. Той,
хто ціха скажа "ты думаеш, я не спрабаваў?...", ужо ведае шлях. Той,
хто глядзіць на Укрыжаванага, бачыць адкрытае Сэрца Бога.
No comments:
Post a Comment