10/01/2018

Камунікацыя з самім сабой з дапамогай малітвы любячай увагі

Адно з многіх гумарыстычных і трапных выказванняў коміка Карла Валянціна заахвочвае нас задумацца аб адносінах з самім сабой: “Думаю, я спынюся і пабачуся з сабой сёння ўвечары. Цікава, ці буду я дома?”. Хіба гэта не дакладнае апісанне таго, што мы самі адчуваем час ад часу? Мы можам быць “дома”, можам быць у адзіноце, але ці насамрэч мы там бываем з самімі сабой? Мы “не ў сабе” не толькі тады, калі ўзрываемся ад гневу; мы таксама “выходзім з сябе”, калі ўся нашая ўвага скіравана на знешні свет. Тады мы няздольныя адказаць, як нашы справы, як настрой, як сябе адчуваем, што з намі адбываецца. Праводзяцца шматлікія адмысловыя семінары на тэму аднаўлення сувязі чалавека з самім сабой. Нават у святога Ігнацыя гэтае падарожжа да сябе заняло доўгі час.

 

Адкрыццё ўнутранага свету

Не толькі ў павучальных гісторыях, але і ў рэальным жыцці даволі часта здараецца так, што прадавец, кіраўнік, прадпрымальнік, рабочы займаюцца штодня процьмай розных спраў і “прыходзяць да сябе” толькі падчас працяглай, часам нават на мяжы жыцця і смерці, хваробы. Доўгія гадзіны, праведзеныя ў ложку, у спакоі, у засяроджанасці, без размоў, без чытання, могуць дапамагчы чадавеку адкрыць яго ўласную ўнутраную прастору і такім чынам атрымаць магчымасць для камунікацыі з самім сабой. Святы Ігнацый сам прайшоў праз падобны досвед, пакуль быў вымушаны доўгія месяцы правесці ў ложку. Гэтыя нязвыклыя перажыванні мелі наступствы, якія сягнулі вельмі далёка.

Ён выявіў у сабе розныя рухі душы, адчуванні і пачуцці. Вырашальным было яго спазнанне розніцы паміж адрознымі плёнамі яго мрояў. Калі ён уяўляў сабе прыгоды на службе элегантнай даме або вялікія рыцарскія подзвігі, ён быў у захапленні так доўга, пакуль упіваўся сваімі фантазіямі. Пазней, аднак, ён адчуваў даволі горкі паслясмак.

Наадварот, калі ён чытаў Святое Пісанне і гісторыі святых і мроіў аб тым, як ён сам збіраецца “басанож у Ерузалем”, каб пераймаць Езуса і святых, то тады ён адчуваў суцяшэнне не толькі падчас такіх думак, але быў задаволены і шчаслівы і пасля таго, як скіроўваў увагу на іншыя справы. Значэнне гэтай розніцы, якое ён спачатку цалкам прапускаў, становіцца яўным у яго далейшых назіраннях. Пазней, складаючы кнігу Духоўных практыкаванняў, ён узяў гэта за пачатковую аснову, каб унесці яснасць у вучэнне пра распазнаванне духаў.

Людзі, якія падтрымліваюць глыбокую сувязь са сваімі пачуццямі, могуць палічыць гэтую падзею нявартай увагі. Тым не менш, падыход святога Ігнацыя да эмацыйнага свету знаёмы многім людзям. Вельмі часта можна заўважыць адну рэч: людзі гавораць пра страшную крыўду, напрыклад, але не ў стане размаўляць пра свае пачуцці. Калі іх спытаць, як яны сябе адчуваюць, часцей за ўсё пачуеш адказ, які з’яўляецца дакладным паўторам аповеду аб дасведчанай крыўдзе, а словы для апісання прыкрасці, гневу, злосці, страху, суму, дэспрэсіі і таму падобных адчуванняў відавочна забытыя або адсутнічаюць у іх лексіконе. У часы адкрыцця Новага Свету – Амерыкі – святы Ігнацый адкрыў велізарны, таямнічы ўнутраны свет.

 

Компас душы

Куды вядзе выбраны шлях? Колькі ён доўжыцца? Гэта добрыя пытанні, калі хтосьці складае план падарожжа. Гэтыя ж пытанні турбавалі святога Ігнацыя, калі ён рабіў першыя крокі ў даследванні ўнутраных рухаў і перажыванняў. Варта адзначыць, што ён успрымаў пачуцці не толькі як шэраг рознакаляровых плямаў на палатне сваёй душы; ён разглядаў іх сувязь з пытаннямі наконт накірунку свайго далейшага жыццёвага шляху. Чаго ён хоча? Працягваць кар’еру пры двары? Або наследваць святых і апосталаў? Чаго Бог жадае ад яго? 

Пошукі былі звязаны ў святога Ігнацыя з распазнаваннем свету яго пачуццяў, якія ў выніку гэтага працэса былі індыкатарамі, паказальнікамі, адказамі. На яго думку, найбольш вымоўныя эмацыйныя перажыванні – гэта, вядома, радасць, «суцяшэнне» і энтузіязм. Калі ён адчуваў уздым і трывалую радасць, ён ішоў далей, унутрана і знешне, у дадзеным накірунку. Сузіранне зорнага купала нябёсаў прыносіла яму асаблівае суцяшэнне, задавальненне, радасць і вялікае жаданне служыць Пану сусвету. “Запалены” гэтым імкненнем, парывам да ідэалаў, ён адчуваў сябе ўзрушаным і кіраваным Божым Провідам.

У якасці простага асноўнага правіла мы можам адзначыць: што б ні прыносіла доўгатрывалую глыбокую радасць, супакой, свабоду, любоў і ўнутранае суцяшэнне – гэта добры знак, што шлях выбраны правільна. Людзі, якія ідуць за падобнымі імпульсамі – нават насуперак шматлікім абставінам – могуць верыць, што нараджаюцца да новага жыцця.

 

Памылковыя шляхі і мастацтва распазнавання духаў

Вядома, не заўсёды так проста карыстацца компасам душы. Святы Ігнацый і духоўная традыцыя сведчаць пра “спакусы ў вобразе дабра”. Святы Ігнацый дасведчыў гэта асаблівым чынам у сваім жыцці тады, калі яго мучылі сумненні. Ён шукаў ва ўсіх накірунках і не знаходзіў душэўнага супакою, незалежна ад таго, як часта быў у споведзі. Нарэшце, ён стаў перад спакусай здзейсніць самагубства. Усё, што трэба было зрабіць, – скочыць праз акенца сваёй келлі, і ён бы разбіўся насмерць. Пад знешнім выглядам дабра – у постаці запрашэння звяртаць увагу на самыя тонкія рухі сумлення – ён быў загнаны сваім перфекцыянізмам ў духоўны “тупік”. Вынікам гэтага вопыту для святога стала пытанне, якое ён заўсёды пачаў задаваць сабе: “Да чаго мяне кіруюць мае думкі, ідэі і пачуцці?” Мэта павінна кіраваць распазнаваннем.

Пры наяўнасці падобных ці амаль ідэнтычных пачуццяў розныя мэты могуць весці ў супрацьлеглых накірунках. Ёсць такі ўнутраны “міралюбівы” настрой, які з’яўляецца прыкметай гультаяватага спакою, асягнутага самаізаляцыяй ад свету, які “увесь знаходзіцца ў злым”. І ёсць супакой, які прыносіць радасць і дае моц для змагання з жыццёвымі выклікамі. Тое ж самае можа адбывацца з пачуццём страху. Ёсць страх, які чалавека можа адкінуць далёка назад і прымушае хавацца за мурамі, каб пазбегнуць любой канфрантацыі. І наадварот, ёсць страх, які непакоіцца аб сапраўдных пагрозах, падказвае нам звярнуцца за неабходнай дапамогай. 

У такім важным для святога Ігнацыя працэсе “распазнавання духаў” ён уважліва ставіцца да пачуццяў і імкнецца высвятліць, у якім накірунку вядуць унутраныя рухі. Калі яны набліжаюць яго да глыбейшай веры, любові, надзеі, даверу, тады ён лічыць гэты накірунак добрым. Калі ж ён адзначае ўнутранае здранцвенне, адмоўныя пачуцці, расчараванне, тады ён бачыць у гэтым уплыў дэструктыўных сіл. Першыя гады пасля свайго навяртання на ложку хваробы былі гадамі, калі ён культываваў камунікацыю з самім сабой, са сваімі пачуццямі і воляй.

 

Евангелле жыцця

Напэўна, лішне казаць, што святы Ігнацый усталёўваў глыбокую сувязь не толькі са сваім унутраным светам, інакш ён мог бы замкнуцца ў самім сабе. Гэтая небяспека сапраўды існавала для яго. Але ён адначасова вельмі прагна шукаў Бога, і такім чынам камунікацыя з сабой заўсёды выступала як камунікацыя з Богам. Іншымі словамі, аналізуючы сваё жыццё, святы Ігнацый усё часцей адкрываў яго як Евангелле. Евангелле Езуса Хрыста – не толькі тэкст, які чытаецца падчас святой Імшы, яно знаходзіцца ў самым цэнтры жыцця. І там святы шукаў і знаходзіў Бога, рабіў свае адкрыцці ва ўсіх падзеях і здарэннях. Ён адводзіў адмысловы час кожны дзень, каб наўпрост звязваць сваё жыццё з Богам. 

Для гэтага працэса ён абраў тэрмін “агульны рахунак сумлення”. Яго значэнне лепш раскрываецца менавіта ў цяперашні час у сувязі з больш шырокім выкарыстаннем: “штодзённы рахунак”, напрыклад, падкрэслівае, што мы павінны раскрыць скарбы і выклікі пражытага дня. Фармуліроўка “з любоўю адчуць сябе” або “малітва любячай ўвагі” мае на мэце “адчуванне”, прагляд падзей дня вачамі, поўнымі любові. Гэтак жа, як мы можам згадаць, што за прадмет хаваецца пад упакоўкай, прамацаўшы яе, мы спрабуем атрымаць адчуванне Духа Святога і Яго дзеяння скрозь покрыва дзённых падзей.

У арыгінальнай форме рахунак сумлення святога Ігнацыя мае 5 крокаў:
  1. Спачатку святы Ігнацый усведамляе, што ён жыве ў прысутнасці Бога, імя якога: Я ёсць, Які ёсць. У гэтай прысутнасці ён дзякуе Богу за ўсё, што ён дасведчыў і прыняў як набытак, як дабро, як дар жыцця. Ён практыкуе гэтую ўдзячнасць і ўдасканальвае яе, лічачы, што няўдзячнасць, як ён аднойчы выказаўся, з’яўляецца “крыніцай усялякага зла”.
  2. На другім кроку святы Ігнацый дае волю свайму шчыраму жаданню дасягнуць яснасці ў жыцці і вызваліцца ад усіх цёмных, злых, грахоўных элементаў, якія пагражаюць яго жыццю і любові.
  3. На трэцім кроку ён праглядае падзеі дня – ад раніцы да вечара. Ён згадвае размовы, рашэнні, сустрэчы, а потым пераходзіць да момантаў, дзе ён адчуў у сабе унутраную цемру, уздзеянне і спакусы злога духа, праз, напрыклад, надуманыя страхі, прадузятасць, фіксацыю.
  4. На чацвёртым кроку, які арганічна развіваецца з трэцяга, ён адкрываецца Святому Духу, струменю паяднання, феномену вызвалення, задавальнення яго душы.
  5. На апошнім этапе святы Ігнацый звяртаецца з даверам і надзеяй да Божага Духа, якому належыць будучыня. Ён дае прастору ўнутранаму руху сваёй душы, каб сіла дабра, закваскі Евангелля, любячага Провіду Божага мела магчымасць пранізваць яго жыццё ўсё больш і больш.
Гэты спіс з пяці пунктаў змяшчае ў сабе зарысы вялікіх словаў:
  • Бог і жыццё ва ўдзячнасці,
  • праўда і свабода,
  • жыццё і яго ўпарадкаванасць,
  • размова і паяднанне,
  • надзея і духоўны рост.
Пры паўсядзённым практыкаванні такога рахунку сумлення чалавек паступова паглыбляе сувязь з Богам, робіцца больш шчырым, свабодным і поўным надзеі. Усё сказанае можна падсумаваць наступным чынам: чалавек сталее, становіцца асобай, якая наладжвае сваю камунікацыю з жыццём усё лепш і лепш, падтрымлівае яе і развівае, дзякуючы рахунку сумлення.

 

Сутнасць справы

Разам з агульным метадам рахунку сумлення святы Ігнацый выкарыстоўваў і “частковы рахунак”, як ён яго называў. У гэтым апошнім ён быў падобны, так бы мовіць, на сур’ёзнага паводзінавага псіхатэрапеўта. Святы Ігнацый задаваў сабе пытанне: “Якую перамену ў сваім жыцці я бачу?” – і залічваў гэтую перамену да дабра ці зла, у залежнасці ад мэты, якую ставіў перад сабой і над якой працаваў. На працягу тыдняў, двойчы на дзень, ён пазначаў на спецыяльным аркушы паперы, як ён прытрымліваецца свайго рашэння, і меў магчымасць назіраць, як рухалася справа са зменай сваіх паводзінаў. Такія пытанні і штодзённыя планы мы звычайна называем “добрымі пастановамі”. Для нас яны маглі б гучаць так: прыбіраць штовечар пісьмовы стол; не прымушаць людзей, якія прыйшлі з важнымі пытаннямі, чакаць адказу; штодзённа вызначаць час на малітву; за вячэрай распытвацца дзяцей пра іх справы; замест уніклівых невыразных адказаў выбіраць просталінейны адкрыты спосаб выказвання.
Пастановы маглі датычыцца як знешніх паводзінаў, так і ўнутраных рэчаў: выконваць якую-небудзь працу з большай засяроджанасцю. Многія прыведзеныя прыклады могуць выглядаць дробнымі, і ўсё ж адказ, які даў мудры стары летуценнаму юнаку-ідэалісту на пытанне, што ён можа зрабіць для супакою ва ўсім свеце, варты таго, каб прыслухацца: “Ты мог бы пачаць з таго, што станеш зачыняць дзверы за сабой крышачку цішэй”. 

Пэўныя навуковыя даследванні сведчаць аб тым, што тыя, хто вызначыў свае мэты і сродкі і запісаў іх, цешацца нашмат большым прафесійным поспехам і зарабляюць больш, чым людзі, якія трымаюць свае планы выключна ў сваіх галовах. Верагодна, ёсць несумненная перавага ў запісванні сваіх праектаў: перавага яснасці. Але разам з тым можна заўважыць яшчэ адзін плюс: чалавек іх памятае. Азіяцкая прымаўка кажа: бляклае чарніла мацней, чым найлепшая памяць. 

Усе падобныя практыкаванні можна разглядаць як крэатыўны спосаб палепшыць камунікацыю са сваім атачэннем. Яны карысныя ў якасці падрыхтоўчага этапу да ўзаемадзеяння з самім сабой, а таксама – што істотна для святога Ігнацыя – дапамагаюць зноў і зноў адкрываць сваё сэрца так, каб Святы Дух дзейнічаў у нас і ў нашых адносінах.

 

Заўвагі з практыкі

Часта людзі праводзяць многія гады, спрабуючы прымірыцца з выхаваннем, якое яны атрымалі ад бацькоў і навакольнага асяроддзя. Радзей здараецца так, што яны выходзяць за межы бацькоўскага і школьнага выхавання і бяруць яго ва ўласныя рукі. Рахунак сумлення, штодзённае ацэньванне сябе, малітва любячай увагі ўяўляюць сабой спосаб супрацоўніцтва ў любові і ва ўнутранай свабодзе са сваім уласным працэсам узрастання. Трэба прызнаць, што перашкодаў на шляху шмат. Давайце зірнем на некалькі прыкладаў, з якіх бачна, як праз штодзённы малітоўны рахунак сумлення можна удасканаліць сябе і сваё асяроддзе і даць рады з новымі перашкодамі. 

1. “Усё спачатку складана” або “Як здабыць добрую звычку ці пазбавіцца ад дрэннай” можна назваць загалоўкамі для такой з’явы як цяжкасць першага кроку. І як гэта часта здараецца ў нашым жыцці, некаторым людзям дапамагае “ціск жыцця”: “Я толькі што зразумеў, што больш гэтага не вынясу. Жыццё стала тым, што адбываецца са мной, я сам не жыву ім. Гэта стала апошняй кропляй; цяпер я буду прызначаць час для самога сябе кожны дзень”.
Галоўным пытаннем тут з’яўляецца матывацыя. Чаму я хачу дапамагчы самому сабе – з якой мэтай і якімі сродкамі?

2. Разам з правільнай матывацыяй не меншае значэнне мае выбар сродкаў. Можна сказаць: “Хто прагне мэты, патрабуе і сродкаў”. Сур'ёзнасць, з якой чалавек мяркуе дасягнуць мэты, можна змерыць стараннасцю, з якой ён ці яна выкарыстоўвае адпаведныя сродкі. Калі хто-небудзь хоча падняцца на вяршыню гары, але не праходзіць практычнага курсу ўзыходжання або эканоміць на неабходнай экіпіроўцы, то такі чалавек мае “высокія мары”, гэта праўда, але не “высокую волю”. Такім чынам, як жаданне дапамагчы сабе можа быць угрунтавана ў жыцці праз малітву любячай увагі?

3. Першая рэч: выбар правільнага часу і месца. Для некаторых людзей першыя хвіліны пасля абуджэння – якраз тое, што трэба; для іншых – гэта самы недарэчны час. У той час, калі ён лічыць паездку на машыне ці ў цягніку ідэальнай магчымасцю, яна адчувае патрэбу спыніцца на некалькі хвілін у бліжэйшым храме ці на лаўцы ў парку пасля працы перад тым, як пайсці дадому. Хтосьці знаходзіць час пасядзець у “малітоўным куточку” свайго пакоя. Многім асобам найлепш удаецца маліцца перад сном. Здаўна вядома, што “спакойнае сумленне – найлепшая падушка”. І гэта вельмі слушна. 

4. Другую практычную дапамогу можна адшукаць у вобразных спосабах прагляду свайго сумлення. Многія сужэнствы адкрылі для сябе, што апавядаць адно аднаму аб пражытым дні – добры спосаб зрабіць прагляд дня і адначасова ўмацаваць адносіны паміж сабой. Я ўражаны звычаем адной пары, з якой я асабіста знаёмы: з-за напружанага працоўнага графіку сняданак – адзіны час, калі яны могуць пабыць сам насам. На працягу гэтай каштоўнай паўгадзіны сужэнцы размаўляюць толькі пра сябе і пра тое, што датычыцца іх; “калі штосьці іншае прасочваецца ў нашу размову, мы задумваемся, ці ўсё добра з нашымі адносінамі”. Увогуле, прыемная атмасфера можа вельмі дапамагчы ў малітве. 
Хтосьці сказаў: “Я не магу дазволіць сабе псіхатэрапеўта, але я магу дазволіць сабе Бога – Ён зробіць усё задарма”. Кантэкст гэтага выказвання: “Лежачы на канапе, я проста дазваляю думкам і пачуццям прыходзіць, якія б яны ні былі: прыемныя, агідныя ці страшныя. Бог ведае мяне. Ён дасканала ведае ўсё і глядзіць на мяне з любоўю. Я расхінаю сваё жыццё пад Яго поглядам”.
Такі дазвол на ўзрастанне сваёй душы нагадвае думку, выказаную ў псальме 139:
Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў,
Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі,
Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною,
і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.
(Пс 139, 1-3)

5. Псальм 139 падыходзіць і для практыкавання простага сузіральнага рахунку сумлення. Можна таксама назваць гэта праглядам сваёй свядомасці, які чалавек не выконвае сам, а пакідае Богу. Канешне, ёсць сэнс ва ўважлівым позірку на ўласнае жыццё. Але адначасова ці ўлічваем мы той факт, што самі не можам убачыць сябе цалкам і на самой справе здольныя гэта зрабіць толькі ў вельмі нязначнай ступені? Ці не падобныя мы на выспу ў акіяне, у якой толькі невялікая частка сушы знаходзіца над вадой? І калі мы ныраем недалёка ад берага, то звычайна не апускаемся на сур’ёзную глыбіню. Час ад часу сапраўды варта паспрабаваць такі жыватворны спосаб рахунку сумлення, калі мы адмаўляемся ад актыўнага даследвання сябе і проста прабываем у малітве, сядзім, ляжым, даручаем сябе любячым вачам Бога. 

6. Асабіста для мяне малітва любячай увагі ў форме малітоўнага перапынку – вельмі добрая дапамога. Я пачаў яе практыкаваць, калі з’яўляўся духоўным кіраўніком Нямецкага каледжа ў Рыме. Калі прыбывалі новыя студэнты для вывучэння тэалогіі, я заўсёды праводзіў з імі пяцідзённыя рэкалекцыі, якія ўключалі ў сябе штодзённую кароткую размову з кожным удзельнікам. У выніку ў мяне было прыблізна пятнаццаць размоў у дзень на працягу рэкалекцый, не лічачы ўступных агульных сустрэч, цэлебрацый Эўхарыстыі і г.д. Па заканчэнні гэтых пяці дзён студэнты часам пыталіся ў мяне са змешанымі пачуццямі ўдзячнасці, здзіўлення і цікаўнасці: “Як вам удалося вытрываць і не знясіліцца дарэшты?” Маёй крыху іранічнай, але цалкам сур’ёзнай рэакцыяй было сустрэчнае пытанне: “Вы калі-небудзь працавалі на працягу тыдня з дваццаццю перапынкамі ў дзень?”
Вядома, ніхто і ніколі. Тады я тлумачыў, што менавіта так я і рабіў у час рэкалекцый. Пасля кожнай непрацяглай размовы я браў перапынак ад адной да пяці хвілін. Я мог выкарыстаць яго на кароткі рахунак сумлення і спытаць сябе: Як я адчуваю сябе ў гэты момант? Напружаны я ці спакойны? Што асаблівым чынам узрушыла мяне падчас апошняй размовы? Затым я рабіў доўгі выдых і даручаў Святому Духу шлях таго чалавека, з якім толькі што размаўляў. Часам яшчэ мне хацелася добра пацягнуцца і паглядзець на пейзаж за акном. І можна ўжо чакаць, калі пастукае ў дзверы наступны студэнт, каб увайсці і падзяліцца са мной часткай сваёй таямніцы жыцця. 

Кароткія духоўныя паўзы, падобныя маім, дзейнічаюць, як амартызатары на аўтамабілі, або буфер паміж вагонамі, або храсток паміж пазванкамі. Калі гэткіх малых эластычных ахоўнікаў не хапае, то чалавек пакутуе ад нязноснага болю. Тады чаму б не дазволіць сабе на працягу дня такое выраватальнае практыкаванне: кароткую малітву? Перапынкі ва ўсіх здараюцца, запланаваныя і не вельмі: па дарозе з аднаго офіса на другі, або паміж скончанай тэлефоннай размовай і ўключэннем камп’ютара. “Творчую паўзу" не трэба заўсёды адкладаць на наступны летні адпачынак. Нядоўгія, частыя перапынкі могуць даць той самы эфект.

7. Для многіх людзей малітва са штодзённікам становіцца любімай звычкай: раніцай тры хвіліны яны прысвячаюць свайму раскладу, спісу спраў і падзей надыходзячага дня. Што падрыхтаваў мне гэты дзень? Што выклікае ўва мне станоўчую ці адмоўную рэакцыю? На што я спадзяюся? Ці я веру, што Святы Дух дзейнічае ва ўсім; вельмі часта – у бітве з сіламі зла?
Вялікі апостал любові да бліжняга святы Вінцэнт дэ Поль аднойчы расказаў аб ранішняй малітве старшыні суда, якой той падзяліўся: 

“Ведаеце, ойча, як я малюся? Я пазіраю на справы, якія чакаюць мяне сёння, і раблю з гэтага высновы. Вось, я пайду ў Палац правасуддзя. У мяне ёсць пэўныя справы, і, магчыма, там я сустрэну асобу, якая паспрабуе мяне падкупіць. З Божай ласкай, цяпер я напагатове. Магчыма, нехта паспрабуе зрабіць мне вельмі прывабны падарунак – о, так! – але я не прыму яго. І калі я вызначыўся з судовым рашэннем супраць аднаго з бакоў грамадзянскага працэсу, я пагавару з ім спакойна і ад сэрца.”
Скончыўшы аповед, святы Вінцэнт пытаецца: “І што вы думаеце пра такі спосаб ранішняй малітвы?”
Напрыканцы і ў нас ёсць усе падставы задаць сабе пытанне: “Што нам рабіць у справе камунікацыі з сабой, са сваім жыццём, з Богам?”

Уільям Ламберт SJ
Пераклад з англійскай мовы для "Прасторы малітвы"

No comments:

Post a Comment