Ён быў народжаны
ў вялікай небяспецы, гэты прыгожы, як Божы дар, хлопчык, хаваны ад смерці,
пушчаны па вадзе ў кошычку, уратаваны дачкой фараона, гадаваны ў палацы на ўсім
гатовым. “У той час, калі ён вырас, выйшаў Майсей да братоў сваіх…” (Зых
2, 11 паводле перакладу на падставе рукапісаў кс.Уладзіслава Чарняўскага). Усе
мы ўжо выраслі, выйшлі са сваіх “палацаў” дзяцінства, хто раней, хто пазней, і
можам зразумець гэтае жаданне Майсея знайсціся сярод сваіх. Магчыма, гэта пошук
адказу на пытанне: “Хто я?”
Але знаёмства
з рэальнасцю пачынае ён, здаецца, не вельмі ўдала. “…і ўбачыў смутак іх, і
ўбачыў егіпцяніна, які біў кагосьці з гебрайскіх братоў яго” (там жа). Майсей
кідаецца на дапамогу і ратуе брата. Так напісана ў Бібліі? Не, не так. “І, калі
азірнуўся ён туды і сюды і ўбачыў, што нікога няма, ён забіў егіпцяніна і
схаваў яго ў пяску” (Зых 2,12). А на другі дзень выйшаў зноў і хацеў штосьці
зрабіць, каб не сварыліся між сабой ягоныя браты. І зноў яскрава да болю ў
вачах паказвае Біблія, у каго ён ператвараецца, прыводзячы пытанне брата: “Ці
ты хочаш мяне забіць, як забіў егіпцяніна?” (Зых 2, 14). Нават фараон,
даведаўшыся аб усім, хацеў спыніць Майсея не пакараннем, не вязьніцай, але
смерцю. Аж так небяспечны зрабіўся хлопчык з добрымі намерамі? Ён вырашае
ўцякаць, далей ад абодвух народаў, якія не прынялі яго.