Часта людзі называюць размовай простую
перадачу інфармацыі. Дзякуючы сучасным сродкам сувязі, асабліва электронным,
можна цэлы дзень правесці ў такіх “размовах” і не сказаць ніводнага жывога
слова. З розным поспехам мы нечым запаўняем гэтую пустку, але ці сапраўднымі
сустрэчамі, адносінамі, сяброўствам? Туга не дае спыніць гэты пошук, які, калі
будзе шчыры і трывалы, прывядзе да Суразмоўцы, якога прагне душа. Горш, калі
чалавек вырашае заглушыць гэты незразумелы, у пэўнай мэры, балючы покліч, адвярнуцца
ад запрашэння на Сустрэчу.
Вось, Закхей. Улада, грошы, спланаваная будучыня –
чаго яму яшчэ не хапала? Няўжо толькі чуткі і супярэчлівыя аповеды пра Езуса,
якія хадзілі ў Палестыне, падштурхнулі яго да пошуку зручнага месца для агляду,
забыўшыся пра тое, што і яго могуць агледзець? Радуючыся за яго навяртанне,
трэба дацаніць і той момант, калі ён пайшоў за сваім жаданнем “убачыць, хто Ён
такі”. Аб Езусе, Яго навучанні і цудах казалі паўсюль. Але для адных вядомасць,
што па дарозе ў Ерузалем Ён пройдзе там і там, становіцца рухавіком для выйсця
на вуліцу, а для іншых – нагодай абмінуць натоўпы, абачліва пастаяць здалёк. І
хто ў першую чаргу бег насустрач? Убогія, канешне, ды дзеці. Ясна, што
кіраўнікам не выпадала мітусіцца. Відаць, нейкім цудоўным чынам Закхей захаваў
убогасць духа, якую так высока цаніў Езус. Напаўняючы багаццем дом, ён
усведамляў, што яно не наталяе яго душы, і з верай шукаў нечага (Некага)
большага.
Але што з тым, хто рашуча застаўся стаяць
на месцы? Проста неверагодна, колькі прычын можна знайсці… Але такая
абазнанасць у адгаворках можа быць толькі ў таго, хто добра ведае гэтую неахвоту
да выйсця Езусу насустрач, хто дазваляе ёй трымаць сябе за працоўным сталом, або
ў мяккім фатэлі, каб, стомлена прыкрыўшы вочы, адным сваім выглядам даводзіць,
што ні сіл, ні жадання некуды ісці, а тым больш бегчы, няма.
Як гэта выглядала б у Ерыхоне, калі мноства
людзей з дапраўды дзіўнай натхнёнасцю імкнулася ўбачыць Езуса? Хочацца думаць, што
сустрэчу запавядаў нават незвычайна прыгожы ранак, падобны на ўрачыстае запрашэнне.
Сонечныя промні скрозь лістоту дрэў, водар кветак, агеньчыкі ў вачах знаёмых,
якія пыталіся адзін у другога “пойдзеш?”, - усё навокал, нібы ў нейкай ціхай змове,
нябачнымі ніткамі цягнула кудысьці сэрца,
якое і само радасна згаджалася вось-вось выскачыць з грудзей. Што гэта з вамі, хацелася
спытацца? І што гэта са мной? Гэта занадта для мяне. Пра якое шчасце, якое
святло ўсе гэтыя песні? Не для такога чалавека, як я, не-не, я не магу.
І сцяўшыся, хаваўся назад у сваю камору, дзе
можна завесіць вокны. Колькі такіх змарнаваных магчымасцяў для размовы з Богам…
Разам з прыгожымі раніцамі прыходзілі і шэрыя, каб не палохаць выразнасцю
запрашэння, але ўстаць і пабегчы, кінуць усё і пайсці… Пазней, не сёння… Святая
Імша, Пісанне, учынкі міласэрнасці, голас сумлення, засяроджаная малітва, -
шмат чаго можна пачаць пазбягаць, каб не сустрэцца з Езусам. Каб Ён не зачапіў ні
словам, ні жэстам, ні паглядам вачэй.
Непрыкметна змяняецца і танальнасць думак. Няхай
караскаюцца на дрэвы, каму трэба, каму не хапае ўпэўненасці. Такія слабакі
потым і раздаюць сваю маёмасць і выбачаюцца перад беднатой. (Ці ўсё ж
набіраюцца моцы змяніць жыццё?) А раптам і праўда, Езус змусіць мяне ўсё
раздаць, што маю?... Тады трэба пазбавіць Яго магчымасці загаварыць. Зрэшты, і
часу няма на размовы. Зусім, катастрафічна няма часу. Такое жыццё, шалёны рытм,
мэты, расклады… Трэба круціцца, бо за цябе ніхто не парупіцца. Калі хочаш
рухацца наперад, бяжы ўдвая хутчэй, давай-давай, не ляніся. Хто гэтак кажа? Няважна, калі так хочацца ў
гэта верыць. І цябе (а гэтае “ты” хутчэй да мяне, чым да
іншага) нават ужо не збянтэжыць Езусава сумнае: “…ты пакінуў першую любоў”
(Ап 2,4).
Аднойчы ў вельмі нязручны момант, калі на
працы і так спраў вышэй галавы, табе ўсё ж прыйдзецца – у межах службовых
абавязкаў – сустрэцца з Ім. Выгляд Яго будзе зусім неважнецкі, ніхто ўплывовы
не стане ў Яго за плячамі. Ягоны лёс вырашаць іншыя, ад цябе запатрабуюць
толькі выканання фармальнасцяў. Але так доўга адкладаная размова, тым не менш, пачнецца.
“Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?” – спытаецца Ён. А ты ўжо і забыўся, калі і з кім гаварыў “ад сябе”.
На такой высокай адказнай пасадзе трэба асцерагацца малоць языком. Трэба ўвогуле
пільнавацца ўвесь час. Так дорага дасталося гэтае месца, так многія чакаюць,
каб ты памыліўся, абмовіўся, не так ступіў, не тое напісаў… Таму ты будзеш
казаць тое, што патрабуе твой статус, твае інструкцыі і пастановы. Хоць,
разабраўшыся, якія яны твае? Чаму ў гэты адзіны момант у жыцці, калі трэба
кінуць усё і гаварыць, гаварыць… ты мусіш выдаваць смяротны прысуд? Чаму
менавіта ты абслугоўваеш чужое жаданне забіваць?
Езус стаіць перад табой. Усё яшчэ ніжэй
за цябе. У цябе ёсць высокае крэсла, не трэба ўзлазіць на дрэва. Езус дайшоў,
куды імкнуўся. Калісьці гэта быў Ерузалем. Цяпер – дзверы твайго сэрца.
No comments:
Post a Comment