20/09/2018

Свет дагары нагамі


Заахвочванне кшталту “Запрасі Езуса ў сваё сэрца” звычайна гучыць даволі салодка, бяспечна, абяцаючы саму толькі прыемнасць. Фарысей Сымон, які зрабіў Езусу такую ласку і запрасіў да сябе “паесці”, мог бы сур’ёзна падкарэктаваць гэткае ўяўленне. Мала таго, што з Езусам прыцягнуліся былыя рыбакі і мытнікі, то яшчэ невядома якім чынам вырасла каля ног жанчына, апошняя грэшніца ў горадзе. Пакуль разгублены гаспадар спрабаваў неяк сабрацца з думкамі, то вырашыў прынамсі скрэсліць Езуса з шэрагу прарокаў. У думках! Сам для сябе.  Але нават прыстойна трымаючы язык за зубамі, гаспадар потым пачуў такую вымову ад Госця, што свет сапраўды мусіў перавярнуцца яму перад вачамі. Так бяскрыўдна ўсё пачыналася:

      –  Сымон, Я хачу нешта сказаць табе.
      –  Скажы, Настаўнік.

Тады ўжо сядзі і слухай… Потым можа неяк пазбіраешся, а можа й не. Жарты жартамі, але сапраўды – у сэрцы тых, хто “неабачліва” запрашае Езуса могуць адбывацца непрадказальныя рэчы. Толькі ці добра мы пачулі, што казаў Езус Сымону? Як Ён казаў тое, што чытаем у Евангеллі? Калі ў нашым уяўленні Ён гнеўна паказвае на фарысея пальцам “ты не даў Мне вады… ты пацалунку Мне не даў… ты не намасціў…”, то каго мы чуем – Езуса Хрыста ці свой страх? Бо ў жанчыны хапіла любові на слёзы, на пашану, на каштоўнае міра, на веру, а ў нас?.. 

Але Езус, узрушаны ўчынкам той, якая “вельмі палюбіла”, не выстаўляе спіс патрабаванняў Сымону, такі сабе райдэр высокага госця. Ён з любоўю прыняў запрашэнне на вячэру, Ён рады месцу за сталом, гаспадарам і размовам, новым знаёмствам і ціхаму вечару, і, вызваляючы з грахоў жанчыну, не хоча прынізіць Сымона, але пашырыць яго звыклыя, але сціснутыя правіламі і ўмовамі гарызонты. Пашырыць яго сэрца, яго стол і дом. Калі ты не можаш плакаць, то не асуджай, не зайздросці, але дай гэтаму прагненню слёз нарадзіцца і ўзрасці. Калі не можаш нават схіліць галавы, не тое, што ўпасці ніцма, то стой сабе, але пастарайся не зачапіць тых, якія кленчаць. Калі не можаш любіць, то паспрабуй крыху падсунуцца за сталом і даць месца Езусу. Яму сапраўды трэба зусім няшмат, толькі гатоўнасць слухаць. А потым даверся Яму. Усё будзе добра.

– Скажы, Настаўнік.

No comments:

Post a Comment