26/12/2018

Няспынная праца Бога


Даволі шмат год мінула з заканчэння школы, і за гэты час мяне не тое, што не цікавіла фізіка, я свядома трымалася ад яе здалёк. Але сталася так, што мяне прыцягнуў погляд П’ера Тэйяра дэ Шардэна на эвалюцыю, на яе духоўнае вымярэнне, якое ён бачыў і імкнуўся перадаць іншым. 
Неабачліва чытаць я пачала кнігу пра Тэйяра, напісаную фізікам (“Teilhard's Mysticism: Seeing the Inner Face of Evolution” Kathleen Duffy SSJ). Аўтар выбрала спосаб асягнення Духа праз пільнае ўгляданне ў матэрыю, што немагчыма зрабіць без мовы фізікі. А гэтая ўважлівасць датычыцца макра- і мікракосмасу, самых розных з’яў, таямніц, адкрыццяў, парадоксаў… Нібы хтосьці ўзяўся паказаць мне ўвесь вядомы Сусвет, не турбуючыся, што ў мяне можа закруціцца ў галаве нават ад краёчку ўбачанай бязмежнасці. Як змясціць гэта ўсё чалавечаму розуму? Гэтую “сімфонію Сусвету”? Тэйяр быў адным з тых, якім дадзена бачыць “партытуру” сімфоніі, ахапіць позіркам неверагодны “габелен” стварэння. 

Не, любы пералік тэмаў будзе дарэмным, хоць падрабязны, хоць сціслы, але пра адну з’яву мне хочацца напісаць. Канешне, не ў навуковых тэрмінах, бо падзяліцца хочацца ўражаннем, а не тэарэтычным выкладам. Маю на ўвазе фрактал – самападобную геамэтрычную фігуру, аб’ект, які  амаль/або дакладна паўтарае самаго сябе, так што цэлае мае тую ж форму, што і частка. Прыкладаў шмат: каралы, сістэма кровазвароту, кроны дрэў, горныя храбты, акіянскія берагі, крышталь, воблакі і інш. На фармаванне кожнай гэтай з’явы ўдзейнічаюць дзве магутныя сілы, адна з якіх узмацняе і пашырае, а другая прыгнятае, гасіць, нібы збіраецца зруйнаваць дашчэнту. У выніку атрымліваецца штосьці даволі моцнае па форме, менавіта, фракталы. Да раўнавагі і спакою там далёка. Так турбулентнасць у атмасферы нараджае воблакі, а патокі дажджоў тысячагоддзямі фармавалі паверхню скалаў, тады як акіянскія хвалі – лінію берагоў; сэрца, гэты неверагодны матор, - фракталы крывяноснай сістэмы. 

І гэта ўсё навяло на думку, што Бог можа так фармаваць і мяне, даючы прастору для росту, штуршок да руху, але Сваёй жа рукой стрымліваючы, каб сфармаваць трывалым тое, што расце. Падобна таму, як патокі вады і ветру "крышаць" скалы, адсякаючы лішняе. 

Справа ў тым, што вельмі проста і прыемна ўспрымаць як ласку ад Бога свой рост, але ўціск, удар, рассейванне? Давесці сабе, што гэта тая ж каштоўная ласка, і ўспрыняць гэта розумам, яшчэ так сяк, але прыняць усёй істотай, даць сваю згоду на такую працу Бога, даверыцца Яго задуме… Тут і псіхалагічны супраціў, і страх перад невядомым, перад болем, перад той “турбулентнасцю”, якая суправаджае працэс фармавання. Па сутнасці, трэба паверыць, што Бог дзейнічае з любові – заўсёды…

Мы захапляемся Сусветам на ўсіх яго ўзроўнях, заміраем перад яго таямніцамі, схіляемся перад Стварыцелем. І гэта, магчыма, адзін са спосабаў паспрабаваць даверыцца Ягонай працы над уласным сэрцам. У самым пачатку кнігі Кэтлін Дафі адзначае, што ўгляданне ў прыгажосць, складанасць і стройнасць матэрыі далі Тэйяру магчымасць выйсці за межы самаізаляцыі, перакрочыць сваё эга.  Штосьці ў гэтым ёсць. Калі ўзняць вочы ў неба або прыгледзецца да сняжынкі, услухацца ўсімі пачуццямі ў стварэнне, межы сапраўды пашыраюцца.

Вы бачылі, як выглядаюць некаторыя фракталы? Не адвесці вачэй. 


Якім жа бачыць чалавека Бог?..

No comments:

Post a Comment