22/10/2018

Не бойся, верабейка

Як добра адчувае Езус наш страх за ўласнае цела. Мы баімся нават усяго, што нагадвае аб нашым прамінанні на гэтай зямлі: маршчын, сівізны, слабіны ў руках; што ўжо казаць аб рэальнай пагрозе жыццю. Чаму мы павінны выбіраць штосьці іншае, чым ратаванне сябе, патуранне сабе? 

“Не бойцеся тых, хто забівае цела,” – кажа Езус (Лк 12, 4). Пільнавацца ж трэба таго, ці не пагражае душы небяспека. Можа пакрысе мы ўжо згадзіліся ненадоўга забыцца пра сваё хрысціянства за нейкія даброты, крышку камфорта, трошкі прызнання? Хто там сказаў, што за ўсё трэба плаціць? Не, толькі трохі пакрывіць душой раз-другі. Ніхто звонку і не згледзіць. Часам, можа, давядзецца адсунуць бліжняга з дарогі, можа, нават сілай сапхнуць, калі не саступіць… Хвіліначку, ці не надта кароткі крок да мяжы, якую й не думаў пераходзіць? “Якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць?” (Мц 16, 26)

Але баімся мы ўсё ж за цела, і здаецца, гэта нават крыху весяліць Езуса. Бо Ён пераводзіць наш спалоханы позірк на вераб’ёў і прапануе ўявіць, як Бог падлічвае валасы на галовах, хоць аб тым ніхто не здагадваецца. Прыслухайцеся, можа, якраз зараз – нашыя?..

Мы так носімся з самімі сабой, што іншыя людзі, асабліва незнаёмыя ды ў вялікай масе, здаюцца падобнымі на вераб’ёў, якія некуды лятуць, перамінаюцца з нагі на нагу, заклапочана гамоняць і зноў зрываюцца з месца па невядомай прычыне. Каму насамрэч цікавая гэтая прычына і яны самі? Абы паводзілі сябе ціха-мірна і не перашкаджалі нам думаць пра важныя рэчы (звычайна, пра сябе, канешне). А ўжо чародкі сапраўдных вераб’ёў заўважаюць хіба што толькі дзівакі. “Ніводзін з іх не забыты перад Богам”, – папярэджвае Езус. І вучні глядзяць, нарэшце, на птушак, і кожны верабей цвердзіць, як могучы: “Не забыты! Не забыты!” І валасы на галовах крыху прыўзнімаюцца ад здзіўлення (тыя самыя, Богам палічаныя). 

Гэткія простыя адчуванні: узрушанасць, палёгка ці, можа, радаснае адкрыццё нечаканага боку рэчаіснасці, наскрозь пранізанай Божай любоўю, – вельмі каштоўныя для Езуса, а значыць, і для нашай веры. Ён ведае, што прыйдуць хвіліны, калі падлічаныя валасы здадуцца кпінай перад морам сумневаў, якое залівае душу. Калі захочацца спытацца, ці не лепш Богу падлічыць тыя капейчыны, якіх не хапае на хлеб, або дні, якія засталося жыць з невылечнай хваробай, або цяжкія, як камяні, гадзіны адчужэння з блізкімі і сябрамі, або колькасць пралітых слёз, або раніц, калі не хочацца адкрываць вачэй. І шмат чаго яшчэ – ці бачна Богу там, зверху? Бачна добра, бо Ён побач – Той, перад якім усё адкрыта, перад якім незнішчальнай застаецца вартасць кожнага чалавека. Таму ўсцяж гучыць спакойнае: “Не бойцеся”, каб мы зноў адпусцілі свой страх за сябе і паглядзелі шчыра, што адбываецца з нашай душой. Ці вольная яна, ці простая, ці верная?

No comments:

Post a Comment