13/12/2018

Быць сабой, але не ў самоце



Ён быў народжаны ў вялікай небяспецы, гэты прыгожы, як Божы дар, хлопчык, хаваны ад смерці, пушчаны па вадзе ў кошычку, уратаваны дачкой фараона, гадаваны ў палацы на ўсім гатовым. “У той час, калі ён вырас, выйшаў Майсей да братоў сваіх…” (Зых 2, 11 паводле перакладу на падставе рукапісаў кс.Уладзіслава Чарняўскага). Усе мы ўжо выраслі, выйшлі са сваіх “палацаў” дзяцінства, хто раней, хто пазней, і можам зразумець гэтае жаданне Майсея знайсціся сярод сваіх. Магчыма, гэта пошук адказу на пытанне: “Хто я?” 

Але знаёмства з рэальнасцю пачынае ён, здаецца, не вельмі ўдала. “…і ўбачыў смутак іх, і ўбачыў егіпцяніна, які біў кагосьці з гебрайскіх братоў яго” (там жа). Майсей кідаецца на дапамогу і ратуе брата. Так напісана ў Бібліі? Не, не так. “І, калі азірнуўся ён туды і сюды і ўбачыў, што нікога няма, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску” (Зых 2,12). А на другі дзень выйшаў зноў і хацеў штосьці зрабіць, каб не сварыліся між сабой ягоныя браты. І зноў яскрава да болю ў вачах паказвае Біблія, у каго ён ператвараецца, прыводзячы пытанне брата: “Ці ты хочаш мяне забіць, як забіў егіпцяніна?” (Зых 2, 14). Нават фараон, даведаўшыся аб усім, хацеў спыніць Майсея не пакараннем, не вязьніцай, але смерцю. Аж так небяспечны зрабіўся хлопчык з добрымі намерамі? Ён вырашае ўцякаць, далей ад абодвух народаў, якія не прынялі яго. 


У чужой зямлі на мяжы пустыні, спыніўшыся ля студні, Майсей – з жаданнем ці міжволі – але зноў бароніць слабейшых, дзяўчат, якіх прагналі ад вады пастухі. Так па-добраму ў яго гэта атрымалася, што ён адразу быў прыняты ў дом бацькі тых дзяўчат, адну з якіх з часам узяў сабе за жонку. І справа яму знайшлася, можа, таксама па сэрцы: пасвіць авечак па далінах і пагорках. У той цішыні, шукаючы дзённы цень, углядаючыся ў зоры цёмнымі начамі, адыходзячы і вяртаючыся пад цёплы дах, дзе чакала жонка і сыны, цікава, як ён адказваў на пытанне: “Хто я”? Пэўную здагадку можна ўбачыць у тым, што першынца назваў Гэрсам, кажучы “Прыхадзень я ў зямлі чужой” (Зых 2, 22). Яны прытулілі яго, але нават імем сына ён нагадваў сабе і ім: “Я не ваш…” Сэрца ж прывязвалася да зямлі, па якой хадзіў, і тужыла па той, якую пакінуў, і марыла аб той, якую ніколі не бачыў. Ці ж мог ён сам прымірыць гэтыя памкненні, “сшыць” кавалкі і знайсці ўрэшце той адказ? Мы ўжо пражылі досыць доўга і таксама спрабавалі, праўда? 

Біблія кажа, што трэба даць сабе спакой з падобнымі натужнымі спробамі і аднойчы пайсці паглядзець, “чаму не згарае куст” (Зых 3, 3). На што падобны быў той агонь, які так прыцягваў да сябе? Як жа добра, што Майсей не быў асцярожным і палахлівым, што адрозніваў небяспеку ад запрашэння, што дазволіў у гэтым агні ператапіць сваё разбітае сэрца ў вялікую палаючую паходню для свайго народу і ўсяго чалавецтва. 

“І, ведаючы пакуту яго, Я спусціўся, каб вызваліць яго”, – сказаў Бог (Зых 3, 8), і далей: “а ты ідзі, Я пашлю цябе да фараона, каб ты вывеў народ Мой, сыноў Ізраэля з Егіпта” (Зых 3, 10). З гэтага моманту пачаўся Зыход. Дзесьці на краі зямлі Бог зрабіў першы крок і прапанаваў чалавеку: “і ты ідзі”. Як мы ведаем, Майсей штосьці будзе казаць у адказ, задаваць пытанні ўсю дарогу: “А як Цябе зваць? А чаму я? А як гэта? А што цяпер?” Хтосьці іншы проста пойдзе і зробіць, як святы Юзаф. Хтосьці паспрабуе ўцячы, як… хаця тут усіх не пералічыш, іх (нас?) шмат такіх. Хоць, разабраўшыся, гэта дзіўна, уцякаць ад Любові, якая палае, але не выпальвае чалавека, кажа “так!” яго сапраўднай сутнасці, як прагненню справядлівасці, якое насіў у сабе Майсей. Пасля гэтай першай сустрэчы з Богам перад ім пралёг доўгі шлях і пачаўся няспынны дыялог, які захапляе не менш за цуды, якія Бог чыніў праз яго рукі.

No comments:

Post a Comment