Хлусні ў нашым жыцці шмат. То самі, то нас, то сябе ашукваем,
то бліжніх – і ўсё гэта практычна адначасова, хоць, здаецца, ненаўмысна... Сапраўды, нават імкненне да
шчырасці ўжо годнае пахвалы. На жаль, хлусня часам прымае выгляд шчырасці, і адрозніць
іх вельмі складана, але істотна важна. У сённяшняй Літургіі Слова – цудоўная прапанова
адчуць гэтую розніцу.
Чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, і сын чалавечы,
што Ты ўзгадваеш пра яго? (Пс 8, 5) “Што Табе да нас?” (Мк 1, 24) – ці не пра
адно і тое ж ідзе гаворка?
Псальміст спявае з захаплення, не могучы надзівіцца факту
чалавечага існавання. Углядаючыся ў сябе і іншых, ён праслаўляе Бога, шчыра не
разумеючы, чым выкліканы Божы клопат аб стварэнні, губляючыся перад веліччу
Божых дароў, разважаючы, як і чым чалавек можа адказаць на Божую шчодрасць.
А ў сінагозе ў Кафарнауме гучыць зусім іншае пытанне. Яно перабівае
Езуса на паўслове, на ўздыху перад самым важным, што Ён хацеў сказаць. У цішыні
гучыць крык: “Што ТАБЕ да нас?” Нячысты дух намагаецца намаляваць бяздонную пропасць.
СВЯТЫ БОЖЫ – і людзі, марныя чалавечкі ў невялічкім гарадку ўбогай правінцыі. Злы
дух настолькі асвоіўся ў чалавеку, што згубіў пільнасць і пачаў хлусіць перад
абліччам Бога, пачаў спакушаць Яго, нібы Ён прыхадзень у яго сатанінскіх уладаннях:
“Навошта ТЫ губляеш час з гэтымі нікчэмнымі людзьмі?”
Езус не ўступае ў дыскусію, не гаворыць ні слова, каб
патлумачыць, “што Яму да іх”. Ён неадкладна рэагуе дзеяннем – загадвае сатане змоўкнуць
і пакінуць чалавека. Учынкам Ён гаворыць аб любові, аб братэрстве, аб сваёй
неабыякавасці, а тым самым – абвяшчае Божае Імя, дзеля чаго і прыйшоў у свет.
Бог памятае, бо любіць. Псальмісту гэта адкрылася, жыхары Кафарнаума маглі
ўбачыць гэтую любоў на ўласныя вочы, а мы… шчаслівыя, бо/калі верым, не
бачыўшы.
“Бацька хлусні” будзе не раз крычаць – трэба ўлічваць гэта –
прыцягваць увагу, перабіваць, бараніць “сваё” месца ў чалавеку, якое ўдалося
заняць, але глядзіце: Езус вызваляе тое месца, чыніць чалавека вольным. Толькі
папярэджвае, што гэта азначае і свабоду выбару – "запросіць" чалавек злога духа
назад ці стане слухаць Хрыста і напаўняцца Яго словам, напаўняцца Духам Божым.
Вернемся ж у атмасферу восьмага псальма:
О, Пане, Божа наш,якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі.Чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш,і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго?Ты ўчыніў яго мала меншым ад анёлаў,славаю і веліччу ўвянчаў яго.Паставіў яго валадаром над справай рук Тваіх,усё паклаў яму пад ногі.
І яшчэ для натхнення - ks. Krzysztof Grzywocz - Kim jestem, że o mnie pamiętasz?
No comments:
Post a Comment