17/10/2019

Малітва і дзеянне

Мінулым разам мы разважалі аб актуальнасці Святога Пісання. Калі чалавек успрымае Божае слова не як інфармацыю ці добрае пажаданне, але як сённяшняе пытанне, заклік, прапанову, якая прадугледжвае асабісты адказ, тады біблійны тэкст адкрывае сваё прагматычные вымярэнне, тады гэта прыносіць плён. Таму, як адзначае папа Бенедыкт XVI, “lectio divina ў сваёй дынаміцы не заканчваецца, пакуль не прывядзе да дзеяння (actio), якое чыніць, што жыццё веруючага становіцца дарам для іншых у любові” (Verbum Domini, 87).

На першы погляд, шлях ад малітвы да актыўнасці здаецца даволі кароткім: закрыў Біблію, устаў і пачаў дарыць сябе ў любові. Канешне, Бог можа даць яснае бачанне наступнага кроку, і тады важна не марудзіць і не адкладваць. Аднак звычайна нам патрэбны некаторы час і трываласць у малітве. Напэўна, многім знаёмае глыбокае выказванне св. Яна ад Крыжа: “Пад вечар жыцця мы будзем асуджаныя з любові”. Для любові няма дакладных вызначэнняў, але мы выдатна адчуваем, калі яе не хапае.
Возьмем, напрыклад, толькі адзін верш з Бібліі. “Ты каштоўны ў Маіх вачах” (параўн. Іс 43, 4), – гаворыць Пан. Каб гэтыя словы прывялі да канкрэтных учынкаў, яны павінны стаць малітвай. І таму мы адкрываемся на Божую прысутнасць і ўсім сэрцам просім дапамогі Святога Духа, каб адважыцца пачуць і прыняць глыбіню тых слоў, якія Ён прамаўляе асабіста да кожнага:

       ты
    каштоўны
    ў Маіх вачах.
Бывае, што сэрца так “счарсцвела”, што трэба яму паўтараць і паўтараць. Няхай жа словы Пана рэхам прагучаць унутры:

       я
    каштоўны
    ў Тваіх вачах.
Я – такі вось наяўны, не міфічна прыгожы, я – да дна, дарэшты – каштоўны і важны. Гэтая годнасць неад’емная, яна не залежыць ні ад людскіх, ні нават ад уласных ацэнак. У Тваіх вачах… Якія Твае вочы, Пане? Якія вочы ў Любові?
Вось толькі невялікі прыклад малітоўнага разважання, у якім абмінуты ўвагай некаторыя этапы, у прыватнасці, гістарычны кантэкст прароцва. Несумненна, для лепшага разумення карысна ведаць, да якой супольнасці і ў які час Бог звяртаецца са сваім Словам. Аднак сам па сабе гэты факт не заклікае да асабістага дзеяння.
Калі ж гэтыя словы становяцца малітвай, з’яўляецца магчымасць пачуць, як Бог прамаўляе кожнае імя: “…, ты каштоўны/ая ў Маіх вачах”. Перажыванне, пражыванне Божых слоў тут і цяпер будуць уплываць на мой адказ, на рух душы. Гэта будзе азначаць высілак, часам дакучлівы, балючы або палохаючы, як скок у невядомае. І дзе, як не ў малітве, прыйдзе разуменне, што мы баімся дарэмна? Бо выканаць Божую волю – значыць рэалізаваць найглыбейшыя прагненні сэрца. 
Паверыць у Божую любоў – вялікая ласка. Каб атрымаць яе, магчыма, трэба маліцца гэтым урыўкам не адзін дзень, вяртацца да яго, бачыць і радавацца знакам Божай прысутнасці ў будзённым жыцці. Са здзіўленнем глядзець на іншых людзей, гэтак жа бясконца любімых, і задавацца пытаннем: “Пане, як мне любіць сябе і іх так, як Ты?”.
Чытанне і слуханне Божага слова дапамагае “слухаць” і “чытаць” рэчаіснасць. Пасля адкрытай і глыбокай малітвы змяняецца ўспрыманне падзей, абавязкаў, патрэб, мэт. Нават тое, што даўно стала руцінай, напаўняецца новым духам. Прагненне дзейсна адказаць на Божую любоў вядзе да жадання наследаваць Пана, пераймаць Яго погляд, каб вера станавілася компасам жыцця.
Несумненна, дапамогай у адшуканні спосабаў дзеяння могуць стаць прыклады святых і бласлаўлёных. Як яны жылі Евангеллем, рэалізавалі гэтае actio? Найперш, як падказвае нам папа Бенедыкт XVI, “трэба глядзець на Тую, у якой дасканала выявілася сувязь паміж Божым словам і верай – на Панну Марыю […]. Яе паслухмяная вера фарміруе кожную хвіліну Яе жыцця адносна ініцыятывы Бога. Дзева, якая ўважліва слухае, жыве ў поўнай гармоніі з Божым словам; захоўвае ў сваім сэрцы падзеі з жыцця свайго Сына, нібы выкладваючы з іх адну мазаіку” (Verbum Domini, 27). Марыя “ў вялікім Божым плане ўмела заўважыць глыбокую думку, якая яднае падзеі, чыны і рэчы на першы погляд не звязаныя адно з адным” (Verbum Domini, 87).
Якія прыгожыя вобразы: выкладванне мазаікі, звязванне ў адзінае цэлае і адказ усім сваім жыццём. Можна назваць гэта майстэрствам ткаць з паасобных каляровых нітак цудоўнае ўзорнае палатно. Адзін фрагмент, нават адзін радок з Кнігі Кніг, якім мы молімся, з’яўляецца нібы нітачкай. Выглядае тонкай і няважнай, але, уплеценая ў нашу штодзённасць, можа стаць пачаткам новага ўзору. Нічога, калі вачам ён пакуль недасяжны. Даверымся вачам Таго, хто глядзіць на нас з любоўю.

No comments:

Post a Comment