10/10/2019

Святло і вышыня


“Пра тое, што ў вышынях, думайце”, – піша св. Павел каласянам (Клс 3, 2), Той Павел, якога мы звязваем не толькі з нястомным апостальствам, але і з драматычнымі падзеямі, якімі суправаджалася ягонае пакліканне. Чытаючы ў Дзеях апосталаў, як падае і слепне на дамасскай дарозе Саўл, хочацца верыць Караваджо, што падзенне было менавіта такім, як на яго карціне: з каня, наўзнак, з раскінутымі рукамі. Хоць даўно вядома не толькі біблістам, што Павел ішоў пехатой.

Напэўна, тады, крок па кроку набліжаючыся да здзяйснення сваіх пагрозаў наконт хрысціян, ён не думаў аб вышнім. Улада давала магчымасць глядзець зверху ўніз. А нянавісць, трывожная і бязлітасна-нястомная, абмяжоўвала позірк, кіруючы яго “пад ногі”, каб нішто не замінала думкам круціцца вакол сябе. І сапраўды, хоць фізічнага каня не было, Караваджо “ўбачыў”, што гэтая нянавісць несла Саўла на сабе.

“Святло з неба” пранікае раптам у гэтую цемру. Голас Хрыста, які кліча па імені. І Саўл на карціне, распластаны на зямлі. Хоць Дзеі не кажуць, якім было падзенне, мастак адчуў, што Бог не гаворыць у плечы, але ў твар. Божая любоў развярнула Паўла да Сябе. “Езус, якога ты гоніш,” не прагне валодаць, перамагчы сілай. На карціне ён безабаронна адкрыты, як немаўля. Можа, апускаецца на зямлю, а можа, узнімаецца з апраметнай, дзе пыха трымала яго. І ён глядзіць заплюшчанымі вачыма ў неба, у гэтае святло і вышыню.

Калі апостал Павел заклікае ў пасланні да філіпянаў: “што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы – пра гэта думайце” (Флп 4, 8), то паўтарае ў пэўнай меры гэты рух – ад цемры да святла.

Штодня ёсць пэўны момант выбару, калі даводзіцца сутыкнуцца з супрацьлегласцю Дабра, Прыгажосці і Праўды – з праявамі несправядлівасці, хлусні, пачварнасці. Што тады мы ўпускаем у свае думкі, пачынаем разважаць? Куды кіруем свой унутраны позірк?

Нядаўна мне сустрэлася такое параўнанне: калі чалавек не мае ўлады над сваім духам, то ён падобны на горад з разбуранымі сценамі, хто заўгодна можа ўвайсці і выйсці, а павінны быць сцены ды пры ўваходнай браме варта, якая не кожную думку ўпусціць унутр.

Няхай, па добрай парадзе апостала, уваходзіць праўда – найвышэйшая Праўда, перш за ўсё, праўда аб сабе, якая ёсць плёнам адносін з Богам. І годнасць, якая дае нарадзіцца сур’ёзным, высакародным думкам і ідэям, каб і ўчынкі вырасталі з іх беззаганныя, добрыя, на карысць Богу і людзям і ўласнай душы. "Годнае пахвалы" – як блізка тут да пыхі. Здаецца, яна ходзіць, як той "рыкаючы леў" дзесьці недалёка. Напэўна Павел ведаў пра гэта і ўсё ж пісаў так, як лічыў найбольш праўдзівым. Такі бясстрашны.

Павел гаворыць аб паставе сэрца – звернутай да Бога, адкрытай і пакорнай. Яна часам можа нагадваць падзенне, а перспектыва апынуцца безабаронным не вельмі натхняе, што і казаць. Але ўсё ж...

«З гэтай сустрэчы тварам у твар паміж Саўлам і Уваскрослым пачынаецца перамяненне, якое дэманструе „асабістую пасху“ Саўла, яго пераход ад смерці да жыцця: тое, што раней было хвалой, стала „смеццем“, якое трэба выкінуць, каб здабыць сапраўдны скарб, якім ёсць Хрыстус і жыццё ў Ім. Хрост, такім чынам, становіцца для Саўла, як для кожнага з нас, пачаткам новага жыцця. Ён суправаджаецца новым позіркам на Бога, на сябе і на іншых людзей, якія з ворагаў ператвараюцца ў братоў у Хрысце». З катэхэзы папы Францішка пра навяртанне Саўла. Святы Айцец заклікаў маліцца, каб Пан дазволіў і нам, як Саўлу, сустрэцца з сілай Яго любові, адзінай, здольнай зрабіць з каменнага сэрца сэрца з плоці, якое прыме ў сябе думкі Езуса Хрыста.
 
Караваджо. Навяртанне Саўла

No comments:

Post a Comment