Мінулым разам мы спыніліся на захапленні
гэтым светам, які Бог стварыў і працягвае ствараць, весці, развіваць і ў
які нам прапануе ўвайсці Яго супрацоўнікамі. Вялікае пакліканне… Мы не
здолеем дарэшты спасцігнуць яго, як і глыбіні Божай мудрасці ды любові, і
ўсё ж, Ён чакае кожнага з нас.
Кніга Быцця распавядае пра Бога ў Раі, з якім Адам і Ева маглі размаўляць тварам у твар. Наколькі цяперашняя малітва імкнецца да такой размовы, да прабывання побач з Усемагутным? Прыглядзімся да таго, як мы прыходзім, звяртаемся да Яго… Так, Бог прымае ўсе нашы просьбы, рады нават позірку ў свой бок. Але ці гэтага прагне? Ён чакае чалавека як асобу, якую любіць, а мы часта зводзім нашу лучнасць з Ім да свайго роду службы “Адно акно”.
Калі наш сябар, напрыклад, знаходзіцца ў суседнім
кабінеце, і мы часта вырашаем з ім розныя пытанні, то працоўная
дзейнасць з’яўляецца толькі часткай сяброўства. Ёсць штосьці
непараўнальна большае ў сустрэчах, доўгіх размовах, перапынках на каву
ці на шпацыр, у прысутнасці без слоў. Калі на гэта няма часу, у першую
чаргу, у нас саміх, то сябар нават пры вялікім жаданні не створыць той
выключнай сувязі, на якой трымаецца сяброўства.
Часта можна пачуць, што з сябрамі справы можна вырашаць без цырымоній і нават эканоміць час на прывітанні. Чамусьці гэтыя “вызваленыя” імгненні знікаюць без аніякай карысці, не могуць “назбірацца” на сустрэчы, што адкладваюцца зноў і зноў. А калі сябры адыходзяць, у душы з’яўляецца пустка. Разумееш, што не ставала часу на самае галоўнае, бо справы былі толькі часткай адносін. З Богам гэтаксама. Езус Хрыстус назваў сябе нашым Сябрам. Наколькі б важнымі не былі пытанні, з якімі прыходзім (нават евангелізацыйныя і дабрачынныя), Ён можа адкласці іх, каб прапанаваць: “Прайдзіся са Мной”. Колькі часу заняў бы нам такі шпацыр: 5 хвілін, дзень, усё жыццё? Ці адгукаемся, калі ўтрапёна шыбуем наперад, занятыя сваімі думкамі, на гэты далікатны дотык да пляча: “Азірніся, Я тут”?
Што магло б дапамагчы нам адказаць на гэтае запрашэнне? У розных школах малітвы ёсць нямала цудоўных парад, як паглыбіць сваё духоўнае жыццё. Адной з іх з’яўляецца “ўсведамленне Божай прысутнасці”, асаблівым чынам перад тым, як пачаць маліцца. Усведамленне сябе ў Божай прысутнасці падразумявае цяперашні час і канкрэтнае месца, а таксама – канкрэтнага чалавека з душой і целам. Хто я? Дзе знаходжуся і што адчуваю? Якімі пачуццямі ахоплены? Якія трывогі нашу з сабой не першы дзень? Варта паспрабаваць прыпыніць бег, каб проста заўважыць самога сябе, паглядзець – не ўпадаючы ні ў жаль, ні ў захапленне – знутры і нейкім чынам звонку. Коратка адзначыць, хто ж гэта спрабуе адказаць на Божае запрашэнне словамі: “Вось я”, – бо мы толькі адказваем – Бог заўсёды прыходзіць першым.
Вядома, да спантаннага малітоўнага закліку нас рыхтуе сама сітуацыя, калі сэрца захапляецца, радуецца, скардзіцца, моліць аб дапамозе ці ўздыхае без слоў. Што ж дытычыць малітвы запланаванай, то яна патрабуе пэўнай уступнай часткі.
Перш чым “разгарнуць” Божы дар, якім з’яўляецца малітва, трэба спыніцца на некалькі хвілін і ўсвядоміць, што адбываецца. Аднак ці можа неспасцігальная таямніца гэтай Прысутнасці зводзіцца да сціплага яе ўсведамлення на некалькі хвілін? Тым не менш, калі гаворка ідзе пра сталую штодзённую малітву, хапае гэтай простай парады: успомніць, перад Кім я стаю.
Не трэба баяцца маўчання падрыхтоўчага этапу малітвы. Засяроджанасць павінна апярэджваць словы. Цішыня паміж закаханымі і сябрамі поўніцца сэнсам, які разумеюць толькі яны. Як мудра хтосьці сказаў, “нашы словы растуць з цішыні”. Чаму маўчанне часам выглядае стратай каштоўнага часу? Можа, варта задумацца, ці не злы дух так падганяе пачаць малітву, хутчэй адгаварыць свой малітоўны маналог і вярнуцца ў вір звыклых абавязкаў?
На жаль, імкненне сучаснага свету да эфектыўнасці пранікае і ў сферу малітвы. “Дзе вынік?” – можам спытацца мы. Сапраўды, ці Божая прысутнасць вырашае праблемы? Магчыма, гэта штосьці іншае? Напрыклад, вера, што ты не адзін. Так як некаторыя цяжкасці і праблемы крочаць побач з намі праз усё жыццё, таямніца цярпення па-чалавечы застаецца незразумелай. Бог можа здавацца глухім і далёкім, але абяцанне “Я з вамі да сканчэння свету” (параўн. Мц 28, 20) жывое і нязменнае, бо яго даў Езус Хрыстус, які ўваскрос з памерлых. Такім чынам, скрозь час, хваробы і беды чалавек не ідзе ў самоце. Вялікі палеантолаг айцец езуіт П’ер Тэяр дэ Шардэн пісаў: “Бог не далёка ад нас. Ён там, дзе маё пяро, мая кірка, мой пэндзаль, мая іголка – і ў маім сэрцы, і ў маіх думках”.
У адным біблійным псалме ёсць цудоўны і таямнічы радок: “Калі я прачынаюся, я ўсё яшчэ з Табою” (параўн. Пс 139 (138), 18). Інтэрпрэтацый яго існуе вялікае мноства. У сувязі з сённяшняй тэмай Божай прысутнасці можна дазволіць сабе прачытаць яго як заахвочванне да прабывання з Богам. Не толькі ў днях маладосці, імпэту, запалу, але і тады, калі нічога ні ў матэрыльнай, ні ў духоўнай вобласці не падымае раніцай з ложка. “Я ўсё яшчэ…” не таму, што я трымаюся з Ім, ведаю, як сябе паводзіць і што казаць, але таму, што Ён любіць мяне так, што не адыходзіць ні на імгненне. Ці абуджуся я ад сваёй няўважлівасці да Божай прысутнасці?
Разважанні пра малітву, напісаныя для газеты "Слова Жыцця".
Ранейшае: "Кубак вады"
No comments:
Post a Comment