12/07/2019

Слухаць і адрозніваць

Самуэль спаў у святыні Пана, дзе знаходзіўся каўчэг запавету. І паклікаў Пан Самуэля, а той адказаў: Вось я. І пабег да Элія, і сказаў: Вось я, ты мяне клікаў. Элі адказаў: Я не клікаў цябе, вярніся і спі. Ён пайшоў і лёг. Але Пан паклікаў зноў: Самуэль! Устаў Самуэль і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Той адказаў: Я не клікаў цябе, сыне. Вярніся і спі.
Тады Пан паўтарыў трэці раз свой заклік: Самуэль! Ён устаў і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Элі зразумеў, што гэта Пан кліча хлопца. І сказаў Элі Самуэлю: Ідзі спаць. А калі зноў цябе пакліча, адкажы: Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой. Пайшоў Самуэль і лёг спаць на сваім месцы. Прыйшоў Пан і стаў, і паклікаў, як перад гэтым: Самуэль, Самуэль! Самуэль адказаў: Кажы, бо слухае слуга Твой. (1 Сам 3, 3-6, 8-10)

Самуэль спаў у цішыні святыні Пана. Яна была яго пакоем, дзе прабываў Пан, і больш ніхто. Магчыма, Элі знайшоў для хлопчыка найлепшае спакойнае і бяспечнае месца. У кожнага з нас ёсць такі пакой для сустрэчы з Панам: уласнае сэрца. Калі ў ім настае глыбокая цішыня, то сапраўды можна заснуць. І гэта не страшна. Не сорамна быць сабой у сваім жа пакоі – стомленым малым дзіцём, якому хочацца спаць. Бог сам выбірае час, калі паклікаць чалавека па імені. І той абуджаецца паслухмяна, але не адразу здольны распазнаць, хто яго кліча.

Мы блытаем Бога са знаёмымі фігурамі, значнымі для нас постацямі і нават (як гэта ні прыкра) рэчамі. Бяжым з гатоўнасцю адказаць на покліч і задыхана гукаем: “Вось я!” Але атрымліваем у адказ незразуменне: “Я не клікаў цябе”. Не кожны настолькі мудры і сціплы, як суддзя Элі, каб сказаць нам: “Вярніся і спі”. Раз мы ўжо прыйшлі – то знойдзецца і работа. Як не скарыстаць? Хіба мы самі не вылучаемся такой “вынаходлівасцю”, калі можна даручыць камусьці кавалак працы?


І тым не менш, рана ці позна мы вяртаемся ў свой пакой. “Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?” – перапытваецца св. Павел (1 Кар 3, 16). Няхай жа ў нашай разгубленасці запануе там цішыня і ноч. Хоць, вядома, чаканне – нялёгкая справа…

Але голас Пана абудзіць нас зноў. Словам Пісання, добрай радай, мовай сумлення ці заўвагай старэйшага, а можа непасрэднасцю дзіцяці – скрозь дні і ночы будзе ён гучаць з надзеяй, што мы навучымся ўрэшце адрозніваць яго ў гомане іншых галасоў і адказваць з гатоўнасцю і шчодрасцю, і станем чыніць Божую волю, не губляючы час на выкананне просьб і даручэнняў тых, хто не клікаў нас.

No comments:

Post a Comment