27/01/2019

Свет супакою

"Калі чалавецтву неабходна пабудаваць свет супакою, толькі глыбокая кантэмпляцыя, якая сур'ёзна ўспрымае рэчаіснасць іншага і прагне даследваць нетры гэтай іншай рэчаіснасці, будзе дастаткова задавальняючым сродкам". Кэтлін Дафі

Мяне нечакана ўразіла выкарыстанне слова кантэмпляцыя ў дачыненні да іншага чалавека. Другога ўжывання як да малітвы я пра кантэмпляцыю (сузіранне) і прыдумаць не магла. Глядзець жа на іншага аж так глыбока, сур'ёзна, няспешна, уважліва, любоўна, як усё жыццё вучышся ў малітве?.. Можа, не гэта хацела сказаць аўтар? Але кантэкст пераконвае ў тым, што яна не дарэмна выбрала гэтае слова. Узроўні і мэты сузірання Бога і іншага чалавека адрозніваюцца і ў той самы час непарыўна звязаныя між сабой. Тысячагоддзі мінаюць, а людзі так і працягваюць успрымаць іншага як чужынца, пагрозу, крыніцу няпэўнасці. Хуткі позірк – ацэнка, высновы наконт велічыні небяспекі, вартасці і г.д. Каб жыць у супакоі, а не выжываць на вайне, трэба вучыцца глядзець інакш.


Іншая асоба – сапраўды іншая, непазнаная, глыбокая рэчаіснасць. Светапогляд, паводзіны ды ці мала што яшчэ можа здацца незразумелым, нават непрымальным. Каму захочацца зазіраць яшчэ ў нетры? Даследваць іх, як прапануе аўтар цытаты?


У парафіяльнай капліцы напярэдадні навэнны паставілі кампазіцыю святых Яна Боска і Дамініка Савіо. Яны не зводзяць адно з другога вачэй, нібы паказваючы, што такое сузіранне магчыма. Там, дзе ўсе кідалі кароткі позірк на вулічных падлеткаў і ў думках перакрэслівалі іх як нявартых увагі або як будучых злачынцаў, святы Ян Боска бачыў добрую, каштоўную рэчаіснасць – у кожным з іх. Ён бачыў іх так, што не хацеў страціць ніводнага, і быў гатовы змагацца да апошніх сіл, каб у іх вачах была радасць, а ў жыцця – будучыня.



Ясна, можна сказаць: то ж святы! Але гэта далёка не адзін прыклад, а па-другое, неабходнасць супакою становіцца ўсё больш істотнай. Можа, час заўважыць, што любых высілкаў чалавецтва будзе мала, пакуль не ўвойдзе ў жыццё асабістая кантэмляцыя іншага (як з малой, так і з вялікай літары і).

No comments:

Post a Comment