04/02/2019

Фасады і пячоры адной зямлі

Урывак пра здарэнне ў зямлі гадарэнаў такі вядомы, што не абяцае нічога новага ад чарговага чытання. Ды заселі ў памяці, напэўна, не апантаны нячыстым духам чалавек і не жыхары навакольных гарадоў і вёсак, але славутыя свінні, што паляцелі ў ваду невядома з якога абрыву, колькі б іх там ні было. 

Цікава, калі б човен з Хрыстом прыстаў да іншага берага, што б Ён убачыў? Дагледжаныя домікі, абвітыя зелянінай брамы і агароджы, уладкаванасць размеранага жыцця? Можа, адчуў бы зычлівасць гадарэнаў замест непрыняцця. І толькі нечый далёкі крык, удзень і ўночы, магчыма, не вязаўся б з ідыліяй. Што гадарэны адказвалі на пытанне: "Хто гэта?" Чужынцам, сваім дзецям, сабе? Хутчэй за ўсё, апантаны быў для іх увасабленнем зла. Гэта з-за яго трушчыліся ў гаспадынь талеркі, а ў мужчын не ладзілася работа, псавалася моладзь і хварэлі дзеці, – адным словам, няшчасце пад бокам. Здавалася б, усе хацелі пазбавіцца ад яго. Ці хай бы прынамсі ціха сядзеў там, у пячорах... І ўсё было б цудоўна?



Але дзіва, Езус не йдзе да прыстойных гараджан, якія ганарацца сваёй гаспадарлівасцю і незалежнасцю. Ён ідзе на адрынутага, бязраднага, неймаверна церпячага чалавека, які адзін носіць у сабе ўсіх дэманаў ваколіцы. Так зручна было гадарэнам скінуць на яго – як на казла адпушчэння, дапраўды – усе свае цёмныя думкі, скаргі і страх. Але на што стала падобным яго жыццё? Кім ён адчуваў сябе? Немагчыма нават уявіць.

І не было нікога, хто хацеў бы вызваліць яго, толькі звязаць, закаваць, суняць. Езус адзіны сапраўды ведаў, што адбывалася, і як дапамагчы. Нячыстыя духі ані троху не хочуць знікаць, але апанаваныя імі – наадварот, пачынаюць шукаць сваёй пагібелі. Руйнуюць сувязі з іншымі людзьмі, з Богам, з самім жыццём. "На роўным месцы" могуць знайсці край абрыву, якога ніхто іншы і не заўважыць. "Выйдзі з яго", – кажа Хрыстус, – і чалавек становіцца сабой. Ён прагне не разлучацца з Езусам, але паслухмяна вяртаецца да сваіх землякоў, каб паказаць сябе – чалавека, якога ўратаваў Бог, і больш таго, зрабіў Сваім сведкам. "Увасабленне зла", як лічылі гадарэны, цяпер будзе адкрываць ім сябе, глыбіню сваіх пакут і Божую любоў да яго і да іх, хоць яны не прынялі яе. Слухаючы яго, будуць дзівіцца дарослыя і задаваць пытанні дзеці, і пераказваць адно аднаму, "што ўчыніў яму Езус".

Калі зноў нам закарціць павярнуцца да Бога сваім лепшым бокам, хаваючы ў пячорах цемру і крык, то ўспомнім таго безыменнага чалавека, не толькі яго боль, але і яго сведчанне ў Дэкаполісе, поўнае ўдзячнасці, святла і надзеі. Вельмі магчыма, што прыйдзецца развітацца з чымсьці дарагім і рупліва дагледжаным, каб яно перастала засланяць сабой Хрыста.

No comments:

Post a Comment