03/07/2018

Некалькі крокаў

О, жанчына з краіны вялікага цярпення, зараз ты вольная – "ад сваёй хваробы" (Мк 5, 34), ад страху, ад болю. Каб жа здолець прайсці з табой некалькі крокаў, калі ты, па слове Пана, вяртаешся да сябе ў супакоі. Няма як паклікаць: я гляджу на ўрывак з Евангелля паводле Марка "Аздараўленне жанчыны" і не бачу твайго імя. Магчыма, за 12 год, на працягу якіх ты "хварэла на крывацёк", усе так і гаварылі між сабой "тая, што...". За гэты час расталі не толькі адносіны і грошы, нібы васковая свечка, але і пачуццё ўласнай годнасці, вера ў людзей, у паратунак. А ў Бога? Так, выбачай, хто мае права аб гэтым пытацца... Але "пачуўшы пра Езуса", ты рушыла за Ім. Чым, як не верай, была тая магутная сіла, што адгукнулася ў сэрцы,  кінула цябе ў натоўп, правяла скрозь яго ў самую сярэдзіну, дзе праходзіў Езус. Твая хвароба і роспач прымушалі ўсё рабіць, хаваючыся, не звяртаючы на сябе ўвагі. Толькі ў сэрцы білася думка: "Калі дакрануся хаця б да плашча Ягонага, выздаравею". Праціскаючыся  бліжэй, пераводзячы дыханне, асцярожна вызіраючы з-за плячэй: "Калі толькі, калі дакрануся, калі хаця б да плашча..."



Куды б ты пайшла сёння? Якімі вуліцамі зараз праходзіць Езус? У якіх натоўпах ты магла б схавацца? Канешне, так, ў Інтэрнэце, у гэтай ананімнай мільённай грамадзе. Там хто заўгодна згубіўся б, але не ты. Ты пазнала б Яго. Па словах, па слядах, невядома як, але пэўна – ты б не памылілася. (А як шмат з нас памыляецца!) "Калі толькі, калі дакрануся, калі хаця б да плашча..." – хто мае ў сабе гэты "рытм", праціснецца, знойдзе, дацягнецца, ціха-ціха, без знешніх прыкмет – як ты. Так што нават бліжэйшыя вучні не згледзяць. Падумаеш, дзіва, сярод таўханіны дакрануцца да Езуса.

Ты ж даганяла Яго плашч, крок за крокам. І вось, адзін твой рух – лёгкі, напэўна, як матылёк, – "і ў тую ж хвіліну спыніўся ў яе крывацёк, і яна адчула ў целе, што вызвалілася ад хваробы". Калі б не шчыльны натоўп, ці ўтрымалі б цябе ногі? А можа, ты паднялася б у паветра і паплыла над горадам, над морам, над усёй зямлёю, вольная і бязважкая ў сваёй радасці.

Але чакай, гэтага мала. "Хто дакрануўся да Майго плашча?" Яго вочы шукаюць цябе. Натоўп адступае, знікае. Сціскалі з усіх бакоў, але кожны застаўся ў сваёй самоце. Сапраўды, як зараз у Сеціве. На пытанне "Ці ёсць хто?" адводзяць вочы, сыходзяць у цень.

Ты выйшла з шэрагаў безыменных гледачоў, ты зрабіла тых некалькі крокаў сама і ўпала перад Ім. Ён пазбавіў цябе "падтрымкі" ананімнасці і паставіў у самы цэнтр гораду, Сусвету і цябе самой, каб магла адбыцца ваша Сустрэча. Ці доўга табе было страшна? Якімі словамі ты пачала гаварыць, аж пакуль не сказала ўсё, "усю праўду"? Яшчэ адзін цуд, які можна толькі перажыць, не расказаць: Езус забраў увесь твой боль, прыніжанасць, цяжар і страх, які здаваўся бязмерным.

Дзе твае нябачныя раны, праз якія выцякала па кроплі тваё жыццё? На Ім.
Дзе крыўда, што раз'ядала сэрца і вочы? У Яго далонях.
Дзе цемра, якая праглынула ўсю радасць? Знікла, прасякнутая Яго святлом.
Ён забраў усё, што няволіла цябе, а ты проста аддала гэта Яму і вярнулася да жыцця. Вярнулася ў Дом Айца доўга-доўгачаканай дачкой. "Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў супакоі і будзь вольная ад сваёй хваробы", – так Ён сказаў. І ты пайшла. І я больш не затрымліваю цябе. Дзякуй.

No comments:

Post a Comment