21/07/2018

Супрацьлеглыя накірункі

У Евангеллі так часта згадваюцца фарысеі, што міжволі ўзнікае адчуванне добрай знаёмасці з імі. На самай справе, шмат пытанняў так і застаюцца няяснымі з-за недахопу гістарычных звестак, таму часта ў каментарыях да Святога Пісання ўжываюцца словы "верагодна", "магчыма". Ды нават і тое, што пра іх даўно вядома і даследвана, мы рэдка прымаем пад увагу, хоць знайсці зараз у Сеціве гэтую інфармацыю нескладана.

Калі ж постаці фарысеяў, якія "выйшлі і сабралі раду супраць Езуса, каб загубіць Яго" паставіць у гістарычны кантэкст, звязаць з гісторыяй іх рэлігійнай плыні, іх працай над Пісаннем, прагненнямі і навучаннем, то замест абурэння нараджаецца горыч: "Куды ж вы? Ці вы аслеплі?"

"Але Езус, даведаўшыся, пайшоў адтуль. І пайшло за Ім следам шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх." (Мц 12, 15) 

Народ, якім фарысеі апекаваліся не адну сотню год, выразна выбраў іншы накірунак. Некаторыя фарысеі, як мы ведаем, таксама пайшлі за Езусам. Але што зрабіла з рэштай тая "фарысейская закваска", ад якой асцерагаў Езус? Чым яна была – драбніца, якая атруціла ўсё "цеста"? Было б памылкова думаць, што яна згінула ў гісторыі разам з той плыняй юдаізму. Бо трэба, хоць і цяжкавата, прызнаць яе прыемнасць, невялічкую (спачатку) задаволенасць сваёй выбранасцю, прыналежнасцю да лепшых, сваёй рашучасцю стаць на шлях дасканаласці і г.д. Хтосьці скажа: гэта проста пыха, што там асаблівага? А паспрабуй спыніць гэтае нарастанне ўнутры той смагі, якую з часам усё цяжэй наталіць. Мала прызнасць сябе лепшым, трэба пашана ад іншых, патрэбны знешнія адрозненні, пацверджанні, бо ўрэшце рэшт – сапраўды, нічога асаблівага, – усё гэта прыносіць асалоду, ад якой адмовіцца, ды нават прызнацца ў ёй самому сабе, нязмерна цяжка. І немагчыма без Езуса.

Рана ці позна (і нават не раз, дзякуй Богу) адбываецца гэтая сустрэча "фарысея" ўва мне і Езуса, які прымае грэшнікаў, чыніць цуды, "зводзіць" людзей і гаворыць мне праўду ў вочы перад натоўпам. І ўсе твары паварочваюцца ў мой бок, і здаецца, што пайшоў трэшчынамі і вось-вось асыпецца бялюткі тынк з майго фасаду, пачарнее пазалота і праступіць тая старанна маскіраваная чарната, якой ніхто не павінен бачыць... Навошта яе бачыць, калі ніхто не дапаможа пазбавіцца ад яе? Хіба толькі Бог. Але прызнаць у Езусе Бога?!..

Не будзем таксама забывацца, што я на п'едэстале. Зрабіць крок за Езусам – гэта сысці ўніз, пакінуць камфортнае існаванне. Больш таго, прывілеі і ўтульныя дробязі, якімі з часам сябе атуляеш, могуць стаць тым каркасам, без якога нават стаяць немагчыма, не тое, што ісці. Гэта значыць, што ад слабасці прыйдзецца ўпасці прылюдна на зямлю, і будзе здавацца, што глыбей ужо нельга. А потым прыйдзе час вучыцца глядзець на іншых знізу ўверх, прасіць дапамогі,  усё прымаць як ласку, стаць малым дзіцём – і апынуцца на руках Айца.

No comments:

Post a Comment