12/07/2018

Да радасці

"Ідзіце і абвяшчайце" – колькі разоў хрысціяне чуюць, бачаць, паўтараюць пра сябе гэтыя словы Хрыста? Чым адказваюць?... Кожны па-свойму, і гэта найлепшы варыянт, бо часта, занадта часта водгук губляецца ў "неспрыяльных умовах", адкладаннях і г.д. Уся разнастайнасць адказаў можа змесціцца ў вызначэнні: "Як чуюць, так і адказваюць".

Таму слуханне – першая рэч. Як закаханыя слухаюць шэпт адно аднаго, як бацькі ловяць першыя словы свайго дзіцяці, як кандыдат слухае доўгачаканы загад аб сваім прызначэнні на пасаду, як змораны пошукамі чалавек слухае карысныя тлумачэнні абазнанага дарадцы, і гэтак далей і гэтак далей – так уважліва, сур'ёзна і адкрыта кожны мае прымаць заклік Хрыста. Калі хтосьці бачыць ці чуе словы "Ідзіце і абвяшчайце", то яны скіраваныя менавіта яму і ёй, табе і мне. Яны сказаныя з любоўю і патрабуюць адказу, бо сама любоў патрабавальная, неабыякавая, заўсёды ў чаканні ўзаемнасці.



Адказаць узаемнасцю на любоў Бога – проста гэта ці складана? Калі ахапіць позіркам усё жыццё, месцы і здарэнні, умовы і задачы, то здаецца справа ўвогуле немагчымай. Але насамрэч адказу патрабуе сённяшні дзень і найбліжэйшы да цябе чалавек, у прамым і пераносным сэнсах, вядома. Бліжэйшым можа аказацца і вораг, бо менавіта вакол яго асобы ўвесь час круцяцца думкі. Абвясці аб Божым Валадарстве выклікам сённяшняга дня. Прыгожа гучыць заклік, але што ён азначае на практыцы, не вельмі зразумела. Вось, Езус кажа Сваім вучням: "Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце." І хто зараз не разгубіцца? Хто падыме руку ўгору і скажа: "Так, я гатовы"?

А ці гатовы ты да радасці? Канешне ж, таксама не. Іначай яна не была б у такім дэфіцыце. Па шчырасці, як бы ні пераконвалі мы сябе, што апостал Павел сваім заклікам "Заўсёды радуйцеся" меў на ўвазе радасць духоўную, Пасхальную, і колькі б пра яе ні ведалі, дзесьці застаецца пытанне: "Гэта ж колькі трэба грошай і дабротаў мне і ўсяму свету, каб заўжды ўсе маглі радавацца?" Што ты паробіш з такім дзіцячым падыходам: ёсць цацка – добра, няма – буду журыцца, а ўжо калі ёсць ды ў іншага, то я за сябе ўвогуле не адказваю. Але гаворка ідзе не пра эмоцыі. Як пісаў Ян Павел ІІ:

"Радасць з хрысціянскага пункту гледжання – больш сталая і дае больш суцяшэння. Паводле сведчання святых, яна можа пераадолець нават цёмную ноч пакутаў і з’яўляецца ў пэўнай ступені “цнотай”, якую трэба выхоўваць." 

Каб штосьці выхоўваць, трэба гэта свядома выбраць, прыняць рашэнне і прыкладаць намаганні дзень па дню, захоўваць вернасць свайму выбару. Дзіўна так глядзець на радасць, але менавіта яна будзе прапаведваць найлепш. Сённяшнім людзям і свету дапраўды не трэба вялікай спектакулярнасці ўчынкаў, але простай прыязнай адкрытасці, чуласці сустрэчы чалавека з чалавекам, магчымасці адчуць, хоць несвядома, у радасці Хрыстовага вучня ўсмешку Бога.

No comments:

Post a Comment