22/05/2018

"Блізка-блізка..."


Мне падабаецца выраз "Подых Духа", які ўпершыню ўбачыла ў назве музычнай групы пінскіх семінарыстаў. Нядаўна з'явіўся іншы ракурс для гэтых слоў, калі можна так сказаць. Цяжка тут абыйсціся без метафары. Калі здалёк чуваць нечае дыханне, то яно, хутчэй за ўсё, напружанае, гучнае. Каб пачуць дыханне звычайнае, трэба знаходзіцца вельмі блізка, бо яно ледзь чутнае, лёгкае. Так і подых Духа – ёсць, ды пра яго так цяжка штосьці распавядаць, да таго ж патрэбна ўвага і ўласная ціхмянасць, каб пачуць яго ў падзеях, спаўненнях і магчымасцях. Калі спраўджваюцца самыя глыбокія сардэчныя надзеі, гэта падобна на запрашэнне адчуць блізкую прысутнасць Бога, які не толькі пасеяў, узгадаваў пэўныя жаданні, але і споўніў іх, шчодра адараючы толькі Яму ўласцівымі плёнамі. 


Ёсць час і падстава для "шуму з неба", як расказваюць нам Дзеі Апосталаў (Дз 2, 1–11), але гэта – Пяцідзесятніца для Касцёла або выключныя жыццёвыя падзеі. Што ж адбываецца ў буднія дні? Кожную хвіліну дарослы чалавек робіць прыкладна 20 удыхаў, не звяртаючы на гэта ніякай увагі. І дзякуй Богу, канешне, бо пастаянна памятаць пра такія рэчы, як дыханне і біццё сэрца, было б непамерна цяжка. А вось забывацца пра подых Духа ў сваім жыцці не варта, бо такая няўважлівасць абмяжоўвае позірк ды “падразае крылы” радасці. Тады няма чым спыніць спаўзанне ў маркоту, у існаванне “дзень да вечара”, нібы інакш і быць не можа, нібы ўсё добрае ўжо было альбо стане магчымым пры пэўных умовах і невядома калі. Скрозь увесь гэты шум, узняты падобнымі думкамі, страхамі і згрызотамі, складана пачуць павеў “ціхага ветру”, нават калі ён вельмі блізка. Але ці блізка я да яго? “Наблізьцеся да Бога, – піша апостал Якуб, - і Ён наблізіцца да вас” (Як 4, 8). Так у яго гэта проста, быццам і малы, і стары ведае дорогу. Магчыма, так і ёсць, трэба толькі паспрабаваць. 

Калі б я паглядзела на падзеі свайго жыцця, як на гісторыю адносінаў, якія распачаў Бог, то ахвотней адказвала б на Яго прапановы і натхненні, а таксама без страху вярталася б у Яго абдымкі. Хоць гучыць гэта добра, але ў аўтаматычным рэжыме так не адбываецца, неабходна кожны раз прасіць у Бога ласку паглядзець на сваё жыццё "Яго вачамі" і не збегчы ад усведамлення колькасці ўласных падзенняў. Хто заўгодна стаміўся б ісці насустрач, клікаць, прабачаць, але не Бог. І каб гэтае сцвярджэнне не засталося толькі словамі, трэба ўбачыць справы, якія Ён чыніць асабіста для мяне.

Такі агляд “гісторыі” – нагода для ўдзячнасці Даўцы Жыцця. Хтосьці пісаў, што гэта тая палова дыхання, што залежыць ад чалавека: калі дар – удых, то падзяка – выдых. Камусьці дастаткова мімаходзь згадаць мінулы дзень, каб патануць ва ўдзячнасці, а хтосьці не можа знайсці для яе ніводнай сур'ёзнай прычыны. "Не чую нічога, не бачу, вакол толькі шэрань” – знаёмы стан? Аказваецца, удзячнасць – справа практыкі. У густым тумане дэпрэсіўных думак, у які мы часам правальваемся, удзячнасць можа стаць той "спіной", якая, хоць застаецца не вельмі выразнай перад вачамі, усё ж паказвае добры накірунак, і за ёй можна выйсці на вольнае празрыстае паветра. 

І ўрэшце, некалькі слоў пра ўзаемнасць. Такая пажаданая ва ўсім, але ўсё роўна таямнічая. Чым яна ёсць, што яе прагне нават Бог у любові да чалавека? Уразлівасць, няпоўнасць, недахоп і спаўненне, цэласнасць, еднасць – усё гэта можна сказаць пра ўзаемнасць у любові. Бярэш – і аддаеш, просіш – і атрымліваеш, набліжаешся – і Ён набліжаецца. Аж так блізка? Аж так. Чаму? Таямніца.

No comments:

Post a Comment