27/04/2018

Няскончаныя справы



Рэдка хто не складаў хоць аднойчы спісы спраў ці патрэбных рэчаў для якой-небудзь мэты. Выкрэсліваць ужо зробленае – напэўна самы прыемны момант з усяго працэсу прытрымлівання плану, а найбольш раздражняючы факт – калі застаюцца “вісець на галаве” адкладзеныя справы, недапрацаваныя пытанні і г.д. Прыкра ўсведамляць, што з імі не атрымалася развітацца сёння, і назаўтра яны зноў узнікнуць перад вачамі і будуць патрабаваць вырашэння. Калі не самі па сабе, дык голасам кагосьці з нашых бліжніх. 


Дарэчы, пра бліжніх. Ці не ўпісваем мы іх у адну калонку з іншымі справамі? Я так шырока пішу “мы”, хоць магу абапірацца толькі на свае адчуванні. Магчыма, толькі ў мяне выказванне кс. Вацлава Бурылы выклікае разам са згодай пачуццё недахопу такой маўклівай спагады. 


“Часам трэба прысесці побач і нечыю далонь схаваць у сваіх далонях. Тады нават слёзы будуць смакаваць, як шчасце”


Сесці як найбліжэй, узяць за руку, слухаць, спачуваць, гэта ўсё, што патрэбна, каб чалавеку стала лягчэй. Чаму ўсё? – адразу ўзнікае пытанне. Можа, праблему можна было неяк вырашыць? Ці хаця б параіць штосьці, падзяліцца вопытам сваім і пачутым, дапамагчы, зрабіць хоць нешта карыснае? Каб – што? Можа, каб хутчэй “выкрэсліць” гэтую справу, якая неспадзявана праціснулася ў перапоўнены дзень? Дзеля чаго блізкія людзі так паспешліва пачынаюць даваць парады: каб прынесці палёгку ці адчуць яе? Каб не палічылі іх маўчанне абыякавасцю? Даруйце, што шмат пытанняў. Мяжа вельмі хісткая, таму найлепшыя намеры чамусьці не дапамагаюць. Тым больш хацелася б умець своечасова спыняцца, каб спачатку проста пабыць з чалавекам, якому цяжка. 

Навука гэта нескладаная, можна сказаць, будзёная, абы толькі было жаданне вучыцца. Штодня Бог “сядае побач” з людскімі патрэбамі і смуткамі, але нашая ўвага звычайна скіраваная на штосьці іншае. Зноў і зноў Ён наталяе наш голад, прагу прыгажосці, любові, сэнсу, даючы шчодра, няспынна... Што, калі паспрабаваць проста паназіраць, як Ён гэта робіць? Як смакуе ежа, і ці магчыма хаця б думкамі прасачыць увесь яе шлях да нашага стала? Як прыходзіць натхненне? Адкуль бяруцца сілы? Прымаючы з удзячнасцю малыя рэчы, мы адкрываемся на большыя і набіраемся адвагі даверыць Богу свой страх і сум. Ён не заўсёды дае тлумачэнні і адказы, рэдка прыбірае ўсе “перашкоды”, толькі ледзь чутна хавае ў Сваіх далонях кожны боль.

Гэтак пазнаецца, што не ўсё можна вырашыць, не будзе ніколі пэўнасці, ці тое, што трэба было прапанавана і зроблена, і застанецца ў думках і на сэрцы клопат аб кімсьці, але разам з тым – надзея, малітва, трыванне… Так ужо гэта ёсць, бо для Бога і я, і ты, і кожны іншы – няскончаная справа, няскрэсленая, вельмі блізкая – цяпер і навекі.

No comments:

Post a Comment