23/04/2018

Каштоўная магчымасць


“Я ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца” – гаворыць Езус (Ян 10, 14-15). Такое веданне не месціцца ў маёй галаве, бо ахоплівае непараўнальна больш, чым я ведаю пра сябе сама.

Як ведае бацька сваё дзіця? Маці, брат ці сястра, лепшы сябар – можна абраць любы адпаведны вобраз, каб большае “веданне” азначала паўнейшае прыняцце. Сёння мне бліжэй менавіта бацькоўская постаць. Так, мне часам было не па сабе ад усведамлення, што тата ведае дасканала ўсю маю няшчырасць, прыкрытую мілай усмешкай, але яго позірк “я ведаю” азначаў і “я ведаю, што ты добрая, ты нарадзілася і расцеш для дабра, я люблю цябе”. Толькі праз многа гадоў разумею, што гэта было і ёсць галоўным: любоў, якая бачыць у табе дабро. Такой любові рана ці позна даверышся цалкам і безумоўна. Толькі гэта яшчэ не ўсё, бо веданне з’яўляецца ўзаемным: “Мае ведаюць Мяне”.

Як дзіця ведае бацьку? У словах Езуса гучыць неспасцігальная раўнавага: пастыр ведае авечак – і авечкі ведаюць пастыра, Айцец ведае Сына – і Сын ведае Айца. Як могуць зраўняцца тыя ж авечкі з пастырам? Не было б адказу, калі б не другая частка выказвання: пра адносіны паміж Сынам і Айцом. Не запас ведаў авечак мае значэнне, але глыбіня сувязі паміж імі і пастырам, упэўненасць у вернасці яго любові да іх.

Магчымасць адносінаў любові схаваная ў незнаёмых між сабой людзях, калі адбудзецца сустрэча, прыняцце, крокі насустрач і побач адно з адным. Бог – той Іншы, па-за ведамі і чалавечым пазнаннем, які аднак зноў і зноў робіць немагчымае магчымым, адкрываючы Сябе людзям. Мне зараз згадваецца абраз Добрага Пастыра, які туліць да Сябе авечку, якую трымае адной рукой. Я памятаю, што, убаўшы яго некалькі год таму, падумала: “Вось дзе нармальная авечка павінна быць, а не блукаць па бездарожжы”, хоць адпаведныя тлумачэнні аб сімволіцы падобных абразоў павінна была чуць не адзін раз. Хіба што патрэбны быў час, каб урэшце са здзіўленнем “прачытаць” у вачах Пастыра зусім іншае: “Гэтая авечка – ты. Цяпер, у гэтую хвіліну, ты ў Маіх руках. Я чую тваё сэрца, а ты – Маё. Я ведаю цябе, а ты – Мяне”.

No comments:

Post a Comment