24/04/2018

Спакойная плынь

Пад мітуснёй звычайнага дня ёсць глыбіня спакою. Нясталасць часовых патрэб і руцінных дробязяў зацярушвае вочы, і розум па звычцы непакоіцца за ўсё на свеце, нібы хтосьці просіць яго ганяцца за ветрам, тады як той прылятае сам. Пад гэтым усім можна адчуць штосьці неспасцігальна большае за бачныя гарызонты паверхні: плынь Божай волі, у якой ёсць месца струменю кожнага жыцця. Ісці за ёй, значыць, абапірацца на яе, даверыцца яе руху, не ведаючы дасканала вытокаў і мэты, падзяляючы евангельскую надзею, што і тым, і другім ёсць Хрыстус.
                  
Як ты знаходзіш гэтую плынь, мой сябра, які пішаш: няхай станецца па волі Божай? Асцярожна намацваеш кожны крок? Прыслухоўваешся да адчуванняў ці да надзейных развагаў? Як ты здагадваешся, што страціў шлях? Як рыхтуеш сябе да гэтага свайго "так" – не толькі радасці ад сугучнасці з Божай воляй, але і прадчуванаму болю, які можа надоўга стаць тваім спадарожнікам?

No comments:

Post a Comment