06/01/2021

Невыпадковыя наведнікі

Першымі прыйшлі бліжэйшыя – жыхары Бэтлеема, загартаваныя сонцам, дажджом і ветрам пастухі авечак. Здаецца, яны толькі і чакалі, каб споўнілася прароцтва аб іх маленькім Бэтлееме, які "нічым не меншы сярод гарадоў Юды". Анёлы пяюць – і яны згаджаюцца, бягуць, знаходзяць.

Мудрацы "чытаюць" неба, дакладнасць якога ніколі не падманвала іх. Святло заззяла – і яны пайшлі за ім, хоць, магчыма, яно было бачнае толькі іхнім сэрцам. "Ідзіце, старанна шукайце і паведаміце мне", – настаўляе іх Ірад. Але яны і без яго шукалі старанна, а больш, чым чалавечым словам, давяралі знакам і снам. 

"Увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму", – напісана ў евангеліста Мацвея. І вось тое, што яны "ўвайшоўшы, убачылі", адлюстравана на незлічонай колькасці абразоў Багародзіцы з маленькім Езусам. Аднак рэальнасць Божай прысутнасці, якую перажылі мудрацы, не перадаецца праз позірк, кінуты на абраз, які з'яўляецца толькі напамінам, што запрашэнне дасланае, святло не згасла, і не трэба спыняцца ў дарозе. Немагчыма "апынуцца" выпадкова там, дзе Бог чакае на сустрэчу, хоць гэтае месца можа быць зусім нечаканым. 

Але ў рэальнасці сустрэчы – ці асабіста мне заўсёды захочацца ўпасці на калені і пакланіцца? Само жаданне, напэўна, знаёмае – парыў захаплення і ўдзячнасці Богу, любові, прагі адзінства і г.д. Відавочная адсутнасць страху ў такія светлыя моманты. Аднак часцей усё ж мы запрошаныя прыйсці праз страх, і нават не хаваючы, а ўсведамляючы яго. 

Магчыма, гэты страх прымушае заплюшчыць вочы і застыгнуць на парозе. Лепш не ўваходзіць туды, дзе чакае невядомае. Страх можа падказваць (бо столькі разоў рабіў гэта беспакарана), што невядомасць азначае толькі кепскія рэчы, што ў доме, дзе нарадзіўся Божы Сын, цябе не прымуць, глянуць і адвернуцца, будуць спадзявацца, што ты не затрымаешся надоўга. 

Страх можа сказаць, што трэба будзе выглядаць прыстойна, падладжвацца, падабацца, а іначай – твая віна – зноў застанешся з сабой і сваёй зламанасцю. Страх умее засяродзіць увагу на "абавязковых адрачэннях": датыхчасовы камфорт, звычкі і розныя зручныя ўлюбёныя рэчы, урэшце, якая-ніякая ўлада – хто ведае, скажа страх, пэўна ўсё запатрабуюць прынесці ў дар. Ці ты здолееш пражыць без нічога? Безабаронным у сённяшнім свеце?

З іншага боку, хіба не страшна губляць час, шукаючы непрыкметны дом, дзе і без цябе выгадуецца Дзіця, а вось ты замест гэтага можаш уратаваць кагосьці, паспець, дабегчы?

А хіба не страшна на сваю просьбу за тых, каго любіш, не пачуць адказу?

Рознага можна наслухацца, але запрашэнне не знікае – увайдзі з тым страхам, які маеш, прынясі ўвесь цяжкі смутак і глухі боль, дазволь Любові адняць рукі ад твайго твару, паглядзець у вочы. І ўжо не спяшацца нікуды, бо ты там, дзе слухаюць і разумеюць больш, чым можа быць сказана. Само Жыццё клікала і чакала сустрэчы.

No comments:

Post a Comment