19/12/2020

Інтэрвенцыя


Чакаючы прыйсця Збаўцы, часам вельмі зразумелымі робяцца спадзяванні габрэяў на Месію моцнага і ваяўнічага. Няхай бы ўжо прыйшоў і "разабраўся" з гэтым светам пануючай несправядлівасці. Аднак жа Ён уваходзіць як дзіця, і Яго самога трэба абараняць, думаць, чым карміць і як гадаваць. Мы спадзяемся на сілу, а Ён выбірае даверыцца простым непрыкметным людзям. Вось дык умяшанне Бога ў гісторыю. Пэўнае здзіўленне ў большай ці меншай ступені ахінае нас кожныя Каляды.

Але сёлета ўявіць, што ў прэзідэнцкі палац прыбываюць дэлегацыі знакамітых мудрацоў ці паслоў, каб распытацца, дзе б гэта выказаць пашану нованароджанаму каралю, якога сотні год чакала зямля, – асабліва яскравы досвед. Уявіць, што пакуль усё ў сталіцы ідзе, як звычайна, дзесьці ў маленечкім гарадку на поўначы краю падрастае маленства ў звычайнай сям'і. Катаецца з горак, смяецца, гладзячы катоў, глядзіць мульцікі, просіць тату падняць яго вышэй, абдымае маму... І каб ён выжыў (пасля візіту ў палац тых гаваркіх замежных гасцей), бацькі павінны вывезці яго цішком за мяжу. А калі ён толькі-толькі пачне лячыць, суцяшаць, вучыць, – яго ўжо не ўратуе нават высокапастаўлены... пракуратар, скажам. Чаго б чакалі ад Богам, Ён робіць па-свойму і робіць дабро. І так дагэтуль і цяпер – сярод цемры свецяцца іскры і агеньчыкі дабра. Дзіўна гэта ўсё сапраўды.

No comments:

Post a Comment