Калі пасля маразоў прыйшла адліга, асфальт на дарогах не вытрымаў. Еду звыклымі маршрутамі і бачу гэтыя яміны, расколіны, нечаканыя асфальтавыя "хвалі". Так і ў нашых душах ад перападаў болю і радасці, жаху і цеплыні ўтварыліся маршчыны і раны, глыбіню якіх мала хто бярэцца даследваць.
Ва ўрыўку пад назвай "Суцішэнне буры" ў Евангеллі паводле Марка (Мк 4, 35-41) ёсць "да" і "пасля". Да пераправы на другі бераг ёсць мноства народу, прыпавесці і іх тлумачэнне. Вечар.
У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: «Пераправімся на другі бераг». І, адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, так як быў, у човен; таксама былі з Ім іншыя чаўны.
Чамусьці замест адпачынку трэба плысці на другі
бераг. І вучні, і "іншыя чаўны" выплываюць "з Ім". Так хочацца
"ўдыхнуць" гэты вечар, гэты спакой пасля доўгага дня. Ціхая вада, зоркі
на небе... Езус спіць, нібы ў лодачкай складзеных далонях Айца. І хочацца плысці так спакойна праз усю ноч, ахоўваць Яго сон, веславаць нячутна. Але раптоўна мяняецца вецер. Надзея на спакойную пераправу знікае, бо ўсім вядома, што ён нясе.
І ўзнялася вялікая бура. Хвалі так залівалі човен, што ён ужо напаўняўся вадою. А Езус спаў на карме на ўзгалоўі.
А можа неяк удасца праплыць, праслізнуць паміж безданню і вышынёй? Можа, вырвемся, трэба толькі пастарацца, не першы ж раз. Але гэтая цемра і страх, вецер і хвалі, няспынна па новай, не ўздыхнуць... Хіба не дадзём рады, мы, рыбакі, якія так і не злавілі ніводнага чалавека, юнакі, што ўсё яшчэ мараць аб славе, жанчыны, якія пакінулі свае вёскі, студні і кросны, былыя невядома хто невядома чаму – у гэтай буры і бязвер'і. Настаўнік, не выйшла ў нас пераправа! Супраць такой стыхіі няма сродку, ведаеш? Мы гінем. Мы ўжо крычым адно на аднаго: не тое робіш, не туды, не так! Кагосьці паралізаваў страх, хтосьці гатовы на ўсё, толькі б гэта скончылася. Іншых чаўноў не бачна. Хіба такі вось будзе наш канец? І без Цябе, бо Ты ...спіш? Каб Ты хоць ведаў, што з нашымі душамі зрабіла гэтая бура! Насамрэч ужо няма ніякіх думак і сіл. Навобмацак, у цемры, хапаючыся за барты, дапаўзаем да Цябе, да Тваёй цішыні са сваім крыкам і роспачным падазрэннем: "Хіба Табе ўсё роўна?"
Пабудзілі Яго і сказалі Яму: «Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?» Устаўшы, Ён загадаў ветру і сказаў мору: «Змоўкні, супакойся!» Тады вецер сціх, і настала вялікая ціша. А ім сказаў: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?»
Так, напэўна, магчыма, хоць не хочацца прызнацца – сапраўды, цяжка страціць тое, чаго яшчэ не маеш.
No comments:
Post a Comment