“Калі Езус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, якога звалі Мацвей, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім” (Мц 9, 9).
Гэтае здарэнне адбываецца адразу пасля аздараўлення паралізаванага, якому Езус сказаў: “Ідзі дадому”. “Той устаў і пайшоў дадому. А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям” (Мц 9, 7–8).
Аповед пра Мацвея пачынаецца словамі “Калі Езус адыходзіў адтуль…”. Адыходзіў ад дома, дзе падняў на ногі паралітыка, ці адыходзіў у іншы горад, невядома, але знаходзіўся ў руху. Дарэчы, і вакол Яго ўсё прыйшло ў рух: з трымценнем у сэрцы людзі праслаўлялі Бога, бо сталі сведкамі ці пачулі пра цуд аздараўлення безнадзейна хворага чалавека.
На гэтым фоне сапраўды кантраснай з’яўляецца постаць Мацвея, які сядзіць на мытні. Здавалася б, тое, што ён знаходзіцца на працоўным месцы, цалкам нармальна. Аднак толькі з пункту гледжання яго наймальніка – акупацыйнай рымскай улады. Суайчыннікі лічылі мытніка найгоршым грэшнікам, які абдзірае сваіх жа братоў на карысць захопнікаў. Выключаны з супольнасці, ён быў тым, ад каго адводзяць позірк ці глядзяць скрозь, нібы таго няма. Ён стаў інструментам прыгнятальнікаў, функцыяй, а не чалавекам. А што думаў сам, евангеліст нічога не гаворыць. Не бачыў выйсця і звыкся? Унутрана пратэставаў?
Евангелле ў гэтым месцы прапануе нам паглядзець на Мацвея вачамі Езуса. Крыху не па сабе ад такога ракурсу, аднак у аповедзе больш нікога няма: ні вучняў, ні сведкаў. Можам толькі даверыцца Пісанню: Езус “убачыў чалавека, які сядзеў на мытні”. Для нас гэта часта становіцца неверагодна складаным – разгледзець у іншым чалавека… І асобна – путы граху, якія трымаюць яго. Крыху пазней у гэтым раздзеле з’явяцца фарысеі са спробай навесці парадак, абураючыся сумесным пасілкам Настаўніка “з мытнікамі і грэшнікамі” (Мц 9, 11), і Езус будзе тлумачыць ім, што Ён прыйшоў менавіта дзеля грэшнікаў, як лекар да хворых. Таму ў момант сустрэчы з Мацвеем Езус глядзіць на чалавека, дзеля якога прыйшоў на зямлю, і ведае, што бачыць перад сабой аднаго з найбліжэйшых сваіх сяброў, які раздзеліць з Ім шлях і справу пашырэння Божага Валадарства.
Езус зноў чыніць цуд: вызваляе чалавека ад усяго, што перашкаджае яму рухацца. Евангелле паказвае гэта так проста: пасля слоў Езуса “Ідзі за Мною” Мацвей устаў і пайшоў за Ім.
Цікава, што далей назіраецца нейкі разрыў у евангельскім апавяданні, наступае цішыня, а чарговы эпізод ужо гаворыць аб тым, што за сталом з Езусам і вучнямі занялі месца “многія мытнікі і грэшнікі”. Гэты прабел у часе і ў аповедзе таксама дае магчымасць скрозь усе адлегласці наблізіць падзеі да нас, цяперашніх. Мы – тыя, хто можа заняць месца за сталом з Езусам, калі чуем Яго і верым Яму. Няма сведкаў таго, як Хрыстос глядзіць на кожнага з нас у гэтыя дні. Хто мы і што робім з дня ў дзень, да чаго прывязаныя, як глыбока зраненыя нашы душы, і якімі бязлітаснымі да бліжніх бываем самі – нічога не схавана ад Яго вачэй, якія выхопліваюць нас з натоўпаў і заўважаюць у самай чорнай нашай адзіноце. Гэта вочы Сябра і Брата. І калі Ён кліча сваіх сяброў, ніводная вяроўка не можа ўтрымаць іх.
А нас? “Ідзі за Мною”, – гаворыць Езус не толькі ў момант паклікання кагосьці да святарскага ці манаскага служэння. Гэта штодзённы заклік для кожнага з нас. У тыя раніцы, калі не хочацца пачынаць новы дзень, і калі замест чалавека ў нас бачаць толькі карысны інструмент, у сітуацыях, калі страшна паступіць паводле сумлення, у роспачы ад прачытаных і пачутых навін і нават у такім зразумелым жаданні “проста жыць, нікога не чапаць і каб мяне не чапалі”, на нас спачывае любячы Божы позірк, і гучыць запрашэнне стаць вучнем і сябрам Хрыста. “Ідзі за Мною” – да межаў зямлі і па-за межы гэтага жыцця – у вечнасць.
Апублікавана ў Слове Жыцця
No comments:
Post a Comment