21/05/2020

Захаваць давер і рэшткі ўстойлівасці

Sieger Köder
Успомнілася выгнанне злых духаў з таго бедака з Гадары (Мк 4,35-5,20). Калі б Евангеллі не захавалі, то нічога пра гэта не было б вядома. Ні пра жаданне Езуса плыць, ні пра жахлівы вецер, ні пра легіён духаў і вызваленне аднаго чалавека (нават дзіўна, чаму менавіта яго).

Езусу трэба было дайсці да таго апантанага, як, зрэшты, і да кожнага з нас, не зважаючы на перашкоды, нязначнасць асобы "ў глабальным маштабе", страшэнны супраціў знешніх абставін. Езусу "трэба быць" то ў адным горадзе, то ў іншым, то на гэтым беразе, то на другім... А вучням – як плыць у гэтай нялюдскай буры, сапраўды?

За што хапацца, невядома, усё падводзіць, як на карціне Кёдэра: зламаная мачта і вясло, поўна вады... І хтосьці, нарэшце, хапаецца за Настаўніка: не спі, не спі! Мы ўжо на парозе... ды нават ужо далёка за парогам сваёй трываласці. І якая нам справа, што недзе б'ецца аб скалы чалавек? Толькі потым уцямім, што ў ім унутры бушавала гэткая ж бура без промня святла і спакою.

Езус супакойвае вецер і мора, вяртае чалавеку свабоду ад легіёну нячыстых духаў.

І кажа вяртацца назад, бо ўжо памірае дачушка Яіра. Вучні зноў сядаюць у патрапаны човен і плывуць на "другі бераг" Галілейскага мора.

Дагэтуль так і невядома, каго дасягае Езус праз кожнага з цяперашніх вучняў. Навошта выбірае іх ненадзейныя чаўны, іх (нашы?) слабыя нервы, баязлівыя душы, нязграбныя рухі? Вось, яны глядзяць у вочы камер на сваіх тэлефонах і патанаюць у страху перад гэтым сучасным лічбавым морам, у якое вымушаныя выплыць, каб знайсці той невядомы бераг, дзе нейкі няшчасны паклікаў Пана, і Ён спяшаецца з дапамогай. Што ж, калі Ён пакуль спіць на ўзгалоўі? Няхай сабе...

No comments:

Post a Comment