28/01/2020

Малітва са св. Францішкам Асізскім

Чалавек, які развівае ў сабе дух малітвы, з цягам часу адчувае ўнутраную патрэбу штосьці змяніць, знайсці лепшую форму малітвы, больш адпаведную для яго цяперашняга стану. Але такі пошук не павінен пераўтварыцца ў задавальненне ўласных амбіцый, бо не мы вызначаем час для наступнага кроку на шляху малітвы – толькі адказваем на Божае запрашэнне. Самі вобразы дарогі, узрастання, паглыблення падказваюць, што, хутчэй за ўсё, наша малітва будзе развівацца паступова, на працягу ўсяго жыцця.

Знаходзіцца “ў працэсе” – складаны выклік, трэба прызнаць, асабіста для мяне і, магчыма, для кагосьці з Вас. Хочацца атрымаць вынік ужо цяпер, а не калі-небудзь потым. Але варта прыслухвацца не толькі да сваёй нецярплівасці, але і да вопыту іншых людзей, асабліва тых, каго Касцёл абвясціў святымі і даў вернікам як прыклад для пераймання. Якое месца займала малітва ў іх жыцці? Што з іх духоўнай спадчыны мы можам запазычыць сёння?


Акрамя знаёмства з біяграфіямі святых, можна (і варта) звярнуцца да малітоўных тэкстаў, якія яны пасля сябе пакінулі. Як адзначае вядомы святар і пісьменнік Рамана Гуардзіні ў кнізе “Мастацтва малітвы”, “еднасць святых – гэта, перадусім, супольнасць тых, каго яднае вера. Таму калі ўжо напісаны натхнёныя і добрыя словы, будзе правільна карыстацца імі, і тым самым быць у еднасці са святымі. <...> Мы знойдзем там скарб у спалучэннях слоў, выразаў, зваротаў, рытмаў, прыкладаў думкі, якія стварылі іншыя. І мы павінны ўвайсці ў іх і дазволіць фарміраваць нас. Тэксты могуць не толькі выказаць тое, што нам не ўдаецца, але і абудзіць думкі і пачуцці, неўсвядомленныя дагэтуль. Малітвы святых – годны даверу шлях у духоўным развіцці”.

Што калі паспрабуем “увайсці” ў скарбніцу малітваў св. Францішка Асізскага? І калі рашымся даць яго словам больш часу і ўвагі, ці дазволім фарміраваць нас? Св. Францішак адмовіўся ад клопату аб уласнасці і сямейных інтарэсах, каб весці сціплае жыццё, дзе пакора, любоў і радасць былі асновай існавання. Яго захапленне дробязямі, здольнасць спяваць і танцаваць, адчувальнасць да навакольнага свету прыцягвалі самых розных людзей у ХІІІ стагоддзі. Ён сябраваў з жывёламі і бачыў усё стварэнне ў якасці сваіх братоў і сясцёр, навяртаў грэшнікаў, настаўляў, суцяшаў, прадухіляў канфлікты. Адзін брытанскі мастацка-дакументальны фільм па яго біяграфіі называецца “Знайсці св. Францішка”. Так, сапраўды, варта ў сучасных умовах нанова адшукаць яго.

Св. Францішак нястомна стараўся “знайсці” для Бога кожнага чалавека, якога сустракаў на сваім шляху. Ён можа дапамагчы і нам знайсці сябе перад Богам. “Лексікон францысканскай духоўнасці” ў раздзеле аб малітоўным досведзе св. Францішка адзначае, што ён “адчувае сябе ўмілаваным праз Бога Айца, які яго кліча, і аддаецца ў Яго распараджэнне, бо хоча быць адораным яшчэ большымі ласкамі”. Тут мы можам знайсці і адкрыць хіба што найгалоўнейшую праўду пра сябе: нас любіць Бог. Дакладней, як мяне, так і кожнага чалавека, і ўсё стварэнне. І, як любімыя дзеці, якім Айцец дае шмат і прагне даць яшчэ больш, можам даверыцца Яму дарэшты, не прывязваючыся да Божых дароў, раздаваць іх, бо Яго шчодрасць і любоў нязменныя.

З асабістага адчування гэтай умілаванасці нараджаецца ўзаемная любоў да Бога, жаданне спаўняць Яго волю і любіць іншых так, як Ён, праслаўляючы Найвышэйшага заўсёды і ў любых абставінах, нават найцяжэйшых. “Лексікон” выкарыстоўвае слова “нараджаецца” і ў дачыненні да малітвы святога: “Сапраўдная малітва нараджаецца з усведамлення Божай прысутнасці, слухання Яго і прыняцця Яго дару”. Усведамляць, слухаць, прымаць – усё гаворыць аб працэсе, унутранай працы. Малітва з’яўляецца і першым крокам, і плодам выбранага ладу жыцця.

Дарэчы, сам св. Францішак маліўся няспынна, прабываючы ў “паставе адаратара, захопленага Божай таямніцай”, якую ён адчуваў як прыязную блізкасць. Уявім сябе на няспыннай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту… Часам дзеяслоў “перажыць” адносна рэлігійных практык па праўдзе азначае не “перажыць глыбока”, а “перажыць як-небудзь”, перацярпець. А св. Францішак у пастаянным усведамленні Божай прысутнасці радаваўся, спяваў, працаваў, гаварыў да Бога і пра Бога, жыў напоўніцу. Я гэтай заўвагай не хачу падкрэсліць дыстанцыю да святога, але яго свабоду і сапраўднае прыняцце таго, што Бог дае чалавеку, – прыняцце Яго блізкасці, Яго сяброўства.
 
Прыкладам няхай будзе Малітва Панская паводле св. Францішка Асізскага. Пераклад малітвым - з часопіса "Авэ Марыя", 10/2014.
О, Найсвяцейшы ОЙЧА НАШ: Стварыцель, Адкупіцель, Суцяшыцель і Збаўца наш.
КАТОРЫ ЁСЦЬ У НЕБЕ: у анёлах і ў святых. Ты асвячаеш іх, каб пазнавалі Цябе, бо Ты, Пане, – Святло. Ты запальваеш у іх любоў, бо Ты, Пане, – Любоў. Ты прабываеш у іх і напаўняеш, каб ашчаслівіць, бо Ты, Пане, – найвышэйшае, вечнае Дабро, ад якога паходзіць усялякае дабро, без якога няма ніякага дабра.

СВЯЦІСЯ ІМЯ ТВАЁ: няхай заззяе ў нас пазнанне Цябе, каб пазналі шырыню дабрадзействаў Тваіх, даўжыню абяцанняў Тваіх, вышыню велічы Тваёй і глыбіню слоў Тваіх (параўн. Эф 3, 
18). 
ПРЫЙДЗІ ВАЛАДАРСТВА ТВАЁ: каб Ты валадарыў у нас праз ласку і прывёў у Тваё Валадарства, дзе будзем сузіраць Цябе без заслонаў, любіць дасканала і ў радасным яднанні цешыцца з Табою навекі.

БУДЗЬ ВОЛЯ ТВАЯ ЯК У НЕБЕ, ТАК І НА ЗЯМЛІ: каб мы любілі Цябе ўсім сэрцам (параўн. Лк 10, 27), заўсёды думаючы пра Цябе, усёй душою, заўсёды сумуючы па Табе, усім розумам, скіроўваючы да Цябе нашы інтэнцыі, шукаючы ва ўсім Тваёй хвалы, і ўсімі сіламі сваімі, аддаючы свае намаганні і пачуцці душы і цела служэнню Тваёй любові, а не чамусьці іншаму; і каб любілі бліжніх сваіх так, як саміх сябе (параўн. Мц 22, 37. 39), усіх прыцягваючы да Тваёй любові, радуючыся іх дабру, як уласнаму, спачуваючы іх няшчасцю і нікому ні ў чым не даючы спатыкнуцца (параўн. 2 Кар 6, 3)/

ХЛЕБА НАШАГА ШТОДЗЁННАГА, Твайго Сына ўмілаванага, Пана нашага Езуса Хрыста, 
ДАЙ НАМ СЁННЯ: на памяць і для разумення, і для ўшанавання любові, якою Ён нас адарыў, а таксама таго, што Ён для нас сказаў, учыніў, выцярпеў.

І АДПУСЦІ НАМ ПРАВІНЫ НАШЫ: праз Тваю невымоўную міласэрнасць, праз моц мукі ўмілаванага Сына Твайго і праз заслугі і заступніцтва Найсвяцейшай Панны і ўсіх выбраных Тваіх.

ЯК І МЫ АДПУСКАЕМ ВІНАВАТЫМ НАШЫМ: і тое, чаго не прабачаем цалкам, Ты, Пане, навучы нас цалкам прабачыць, каб дзеля Цябе па-сапраўднаму любілі непрыяцеляў і пабожна маліліся за іх да Цябе, нікому не адплочваючы злом за зло (параўн. Рым 12. 17), і каб стараліся праз Цябе ўсім служыць дапамогаю.

І НЕ ЎВОДЗЬ НАС У СПАКУСУ: таемную ці яўную, раптоўную ці непераадольную.

АЛЕ ЗБАЎ НАС АД ЗЛОГА: мінулага, цяперашняга і будучага. Хвала Айцу і Сыну, і Святому Духу. Амэн.

Надрукавана ў газеце "Слова Жыцця"

No comments:

Post a Comment