І сказаў ім: “Зважайце на тое, што чуеце.
Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана, і яшчэ дададзена.
Бо хто мае, таму дадзена будзе,
а хто “не мае”, у таго адымецца і тое, што мае”. Мк 4, 24-25
Адмяраем іншым паводле закону дзіўнага нябачнага “рынку”.
Мяркуем, што працэс абмену схаваны ад чужых вачэй, а насамрэч стаім на рыначнай
плошчы у ясным святле дня. У кожнага – свае зярняты, а можа, нават мука, а ў
кагосьці іншага – вада. Абмен трывае бясконца, і ён добры, мы адчуваем гэта.
Спалучаем плёны і дзелімся сваёй працай, думкай, лагоднасцю. Атрымліваем… Як
калі – часам палавінную “меру” ад сваіх бліжніх. “Больш не маю,” – эапэўніваюць
яны. І не праверыш, а, здаецца, павінны мець, таму што Бог, паводле дамовы, (якую,
зрэшты, ніхто не бачыў) вяртае аддадзенае з прыбыткам. Адсыпаеш меру добрую,
утрэсеную – і Ён напаўняе яе па берагі, дадае лішак, каб ты сам не застаўся
галодным.
Нядзіва залюбавацца Божым "лішкам", якім Ён адудзячвае звыш
меры. Бо гэты давесак – і ёсць жыццё. Ім і будзе наталяцца сам чалавек. Меру
зноў трэба адважыць, аддаць, памяняць, а за той лішак – жыць і сілкавацца.
“А што, калі…, – нараджаецца невялічкі сумнеў, – заўтра гэтага
не стане?” Хіба і праўда, толькі малыя дзеці нязрушана вераць у бацькоўскую
шчодрасць. А “паразумнеўшы”, думаеш: “Што, як не дадасць? Як тады раздаваць?” Прападае
жаданне. Колькі можна высыпаць жыццё па зярнятку на жэсты і словы, руцінныя
абавязкі, клопат, увагу, непакой за іншых? Пакінуць штосьці пры сабе, крыху
сёння, яшчэ болей заўтра… Прыхаваць, замкнуць і сказаць: “Не маю, не чакайце ад
мяне”. Так зразумелы страх выпусціць з рук, згубіць, застацца ні з чым, горшым
за ўсіх, ды ніяк не абмінуць адвечнага закону: хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае.
Калі ўсе чалавечыя адносіны ўявіць сабе такім вялікім “гандлем”,
можна адчуць горкі прысмак: людзі аддаюць штосьці і набываюць, недаважваюць,
ашукваюць, спрачаюцца, злуюцца, рабуюць… Разгледзішся, вакол цябе адны
даўжнікі, і сам патанаеш ў пазыках, бо не адмяраеш шчырую поўню любові.
А Той, чыім дабром усе распараджаюцца, нібы сваім, прабачае і
вучыць прабачаць, адпускаць даўгі, першаму пачынаць наноў.
З Бога, як з крыніцы, выцякаюць рэкі дароў і ласкаў, якім
прызначана плыць свабодна і паўнаводна, робячы змялю ўрадлівай. Меры ім не
вызначана, межаў не пастаўлена. Я атрымліваю – перадаю далей. І тады гэта ўжо
не рынак, дзе трэба ўедна пільнаваць сваё, а квітнеючы луг ці сад, дзе ўсім
хапае месца і сонца, каб дапамагаць адно аднаму расці.
No comments:
Post a Comment