05/08/2019

Накірунак для руху

Складанае лепш раскладваць на этапы або часткі, кроіць на кавалкі, каб лепш засвоіць, тады, кажуць, можна даць рады з тым, што палохае сваім памерам ці інтэнсіўнасцю. Але нават малое людзі працягваюць дзяліць і раскладваць. Прыцягвае ж да сябе чамусьці непадзельнае, такое, як акіян, як вышыня.

Вось і чалавечая асоба складаецца з трох "слаёў": фізічнага, псіхічнага і духоўнага. А ў кожным з іх яшчэ шмат чаго... І добра, калі ўсё гэта трымаецца ў адзінстве і гармоніі. Памяць не заўсёды малюе складную гісторыю жыцця, часцей выхоплівае нейкія фрагменты.


Слухай, Ізраэль,
Пан Бог наш — Пан адзіны; 
любі Пана Бога твайго 
ўсім сэрцам тваім, 
і ўсёю душою тваёю, 
і ўсім розумам тваім, 
і ўсёй моцаю тваёй. 

Няўжо і тут разбор на часткі? Але настойлівае слова "ўсім" гаворыць аб нечым цэласным. Можна дзяліць сябе так і гэтак, кожнаму кавалку даваць імя і доўга ўдакладняць, але не сказана любіць "кожнай  часткай". Як рака, выходзячы з берагоў, забірае ў сваю плынь усё на сваім шляху, так і запаведзь настойвае на ўключэнні ўсяго, на з'яднанні, на захопленасці любоўю ўсёй асобы на ўсіх узроўнях.

У запаведзі любові – вялікая надзея. Як Бог – адзіны, так і чалавек, звяртаючы да Яго свой позірк, з падзеленасці, раздробленасці збіраецца ў адно цэлае – ацаляецца. Патокі зліваюцца ў адзін, каб дасягнуць акіяну. 

Гэтае патрабаванне поўнай узаемнасці можа здацца неадольнай вяршыняй. Для розуму, напрыклад. Або для душы, змучанай перажываннямі. Або для глыбіні сэрца, якое зняверылася. Ці ў стане чалавек з'яднаць сябе? Што ён зробіць з тым, што ў ім надламана, раструшчана? З тым, што ён не зносіць у сабе і стараецца схаваць як найдалей? Любі сабой усім... А калі там пустка або цемра - што яны могуць даць?

Паўтараецца і яшчэ адно слова – "тваім". Ці ўсё ў сабе я прымаю? Можа, выстаўляю за дзверы як чужое і агіднае, нецікавае, прынаднае? А яно пастукаецца ў акно, вядома. Гэтым усім сваім  светам Бог кажа любіць Яго. Прыняць і адкрыць Яму недахопы і пусткі, бо нават калі яны бяздонныя, Ён можа напоўніць іх Сваёй любоўю.

No comments:

Post a Comment