09/09/2018

Сезон дажджоў пасля засухі



“Езус прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў сінагогу”. Лк 4,16

Цішыня ахінае тыя – магчымыя – дні да суботы, як і ўсе гады, пражытыя Езусам у Назарэце. Невядома, што Ён рабіў, прыйшоўшы за тры, за пяць дзён раней да здарэння ў сінагозе. Сёння за гэтым евангельскім тэкстам стала жаночая постаць – Маці, хоць тут ні словам Яна не згадваецца. У родных мясцінах кожнае скрыжаванне, кожнае дрэва кажуць, чый ты сын ці дачка. І хочацца нават, каб ніводнае рысачка, што памятае аб гэтым, не знікла, а тым больш, каб заўсёды былі людзі, якія могуць сказаць: “Вось, сын таго і таго (нарэшце) прыехаў. А я ж помню яго зусім маленькім”.  


У гэтае месца, дзе Езус, магчыма, найглыбей адчуваў Сябе сынам зямлі і Неба, Ён прыйшоў “шукаць чалавека”. За час Яго адсутнасці наўрад ці нешта асабліва змянілася – тыя ж вуліцы, тыя ж людзі, тыя ж клопаты. І беды, непалічаныя, невыказаныя людскія беды ўсцяж цягнуліся за кожным суседам. Тое матчынае, чулае “Зрабіце, што вам скажа Сын”, здаецца, разлітае ў паветры. Марыя без ваганняў просіць аб гэтым, зусім не намагаючыся папярэдне высветліць, а што менавіта Ён скажа рабіць. Яна не імкнецца пралічыць, ці не здасца гэта людзям дзіўным, правакуючым, нязносным нават. Яна давярае Яго любові, хоць ведае, канешне, наколькі дзіўнай, незразумелай, незмяшчальнай ні ў якія рамкі з’ўляецца гэтая любоў…

 “Дух Пана на Мне”, - кажа Езус тым, сярод якіх вырас. Іх усмешкі і слёзы, немач і мужнасць, смешныя рысы і трагічныя знаёмыя Яму дасканала, але Дух пранікае яшчэ глыбей. Для Яго важна сэрца чалавека, Ён праходзіць скрозь усе “муры і сцены”, якія ўзводзяць між сабой людзі, нібы няма ніякіх перашкодаў, усвядомленых і несвядомых. Ён звяртаецца да чалавека на “ты” на такой глыбіні, якой не дасягаюць самыя блізкія людзі. Але не кожны з нас згодны прыняць гэты зварот… І Езус ведае гэта, не набліжаецца насілу, але і не забірае Свайго запрашэння назад. 

Такое адчуванне, што землякам Езуса было вельмі некамфортна з гэтым запрашэннем, з гэтай блізкасцю, увогуле з Езусам, які прамаўляў да іх у сінагозе. Яны падобныя на людзей, якіх клічуць выйсці пад цёплы летні дождж і прамокнуць пад ім, пасмяяцца ды паскакаць па лужах, а яны разважліва сядзяць па стрэхамі і абмяркоўваюць, хто гэта іх кліча, што падумаюць суседзі і г.д. Але пайсці ўсё ж хочацца, таму яны прагнуць нейкага цуду, чагосьці такога, што б зачаравала іх, пазбавіла ад прыняцця рашэння і стала б апраўданнем “слабасці”, калі што. “Я-то не хацеў, але ж Ён такое зрабіў перад нашымі вачамі”. Можа, таму амаль не было цудаў на бацькаўшчыне Езуса. 

Ён сапраўды неверагодны і радасны, гэты дождж Божай любові. Толькі выйсці пад яго трэба самому, без прымусу і адзін на адзін.

No comments:

Post a Comment