У адзін з
нядаўніх цёплых вечароў перад маімі вачамі
разгарэўся і згас агонь у каміне. Назіранне за ім шмат дало спажытку вачам і
душы. Зрэшты, гэта агульнавядомы досвед, хоць кожны вогненны “танец”
непаўторны. Пакрысе дровы дагарэлі, гарачыя вуглі пачалі гаснуць у попеле, і я
загледзілася ў свой манітор. Калі ж праз некаторы час перавяла вочы на камін,
то ўразілася поўнай адсутнасці святла ў каміне. На мяне глядзеў чорны,
здавалася, бяздонны правал без ніякіх прыкмет жыцця.
Так, той агонь павінен быў згаснуць, каб людзі маглі
спакойна разыйсціся спаць. Але з “агнём”, які гарыць у сэрцы чалавека, – з агнём
жыцця – не павінна такога здарацца.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Ян 6,53
На гэтыя словы Езуса Хрыста з сённяшняга Евангелля “адгукнуўся”
той вобраз зчарнелага каміна, які не можа палаць жывым агнём сам па сабе, не
можа падтрымліваць агонь сваёй цэглай, з якой ён складзены. Ён уладкаваны
дасканала, каб быць бяспечным і адпаведным месцам для палымнеючых дроў, якія і
ёсць спажытак агню. Не хацелася б множыць метафары. Дагэтуль выраз “спажываць
Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай” гучыць брутальна для нашага вуха, і
мы аўтаматычна замяняем яго на “прымаць Эўхарыстыю”. І гэта так, і вакол
Эўхарыстычнага стала мы збіраемся ў нядзелю. Але чаму Езус не змякчае выразу
для юдэяў, якія слухалі Яго? Не тлумачыць, не супакойвае, нібы хоча менавіта
перавярнуць ім душу дагары нагамі Сваім Словам. “Калі не з’ясі і не вып’еш
Мяне, не будзе ў табе жыцця”. Што гэта значыць без метафар, сёння, для мяне?
Нездарма святая Імша пачынаецца з Літургіі Слова. Кожны дзень можа пачынацца з малітвы Божым Словам. Можна
наталіцца адным сказам, часам нават адным словам, калі прыняць яго менавіта як
ежу, адначасова будзённую, як хлеб, і надзвычайную, як з вельмі шаноўных рук.
Другое вымярэнне – уласны вопыт. Пэўным адкрыццём для мяне
стала думка, што парада св.Ігнацыя Лаёлы “шукаць Бога ва ўсіх рэчах” значыць не
проста знайсці, заўважыць, адчуць Яго, але і “ўзяць” знаходку. Не адзначыць і
пайсці далей, а засвоіць якраз так, як мы спажываем ежу. Праўда, у сучасным
свеце ўсё цяжэй засяроджваць увагу на самім працэсе: які смак таго, што я ем і
п’ю, які ў яго пах, выгляд, тэмпература, асаблівасці, з кім я вячэраю ці снедаю,
чым жыве гэты чалавек і г.д. Такая ўсвядомленасць важная сама па сабе, але яшчэ
і таму, што яна можа навучыць, як трэба адносіцца да сустрэчы з Панам “ва ўсіх
рэчах”, пералічыць якія проста немагчыма.
“Вяршыняй і крыніцай” хрысціянскага жыцця з’яўлецца
Эўхарыстыя: Цела і Кроў Хрыста ў постаці хлеба і віна. Сапраўднае ўсведамленне
і ўшанаванне гэтай таямніцы не павінна прызвычайваць нас да думкі, што нічога
такога асаблівага, вядомая справа, Споведзь і Камунія, але пераварачваць душу, дасягаючы
самых глыбіняў чалавечага існавання, ды распальваць яе так, каб у ёй было
жыццё, і гэтым жыццём была любоў.
No comments:
Post a Comment