15/08/2018

Светлая празрыстасць


Калі ж яны прыбылі ў Кафарнаум, збіральнікі дыдрахмаў падышлі да Пятра і сказалі: "Ці ваш Настаўнік не дасць дыдрахмаў?" Ён адказаў: "Так". І калі ён увайшоў у дом, Езус апярэдзіў яго і сказаў: "Як табе здаецца, Сымоне? З каго бяруць мыта або падатак зямныя каралі? Са сваіх сыноў, ці з чужых?" Калі ён адказаў: "З чужых", Езус сказаў яму: "Значыць, сыны свабодныя. Але, каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбіну, якую зловіш; калі адкрыеш ёй рот, знойдзеш статэр. Вазьмі і аддай яго за Мяне і за сябе. Мц 17, 24–27
Мноства дыялогаў Езуса з Пятром не захавалася, а вось пра падатак ёсць. І зноў такі знаёмы Езусавы рух: "Просяць у цябе – дай", каб сталі вольнымі і даўжнік, і збіральнік ад дарэмных згрызотаў. Неўзабаве аказваецца, што Пётр сапраўды мае, што даць. У жыцці бываюць такія моманты, калі відавочна ўсё складваецца найлепшым чынам і лёгка палічыць гэта шчаслівым супадзеннем. Неяк так само па сабе, адно за другім, у патрэбны час... Нават невядома, як гэта ў іншых так не атрымліваецца.



Таму найбольш кранае мяне сёння празрыстасць, разлітая ў гэтым апавяданні. Езус ад самага пачатку размовы Пятра са збіральнікамі глядзіць на ўсе падзеі, як скрозь чыстую ваду, прасякнутую сонечнымі промнямі. Вось Пётр вымаўляе сваё "Так" няўплаце падатка на святыню, стараючыся ігнараваць вымоўнае маўчанне ("А лепш бы вам заплаціць..."). Потым ідзе вуліцамі Кафарнаума, можа імкліва, можа памалу, і працягвае ўнутраны дыялог з тымі людзьмі, знаходзіць бліскучыя адказы... Але сум не пакідае яго. Хіба "іх" пераможаш? Вось, уздыхнуўшы, Пётр уваходзіць у дом, дзе спыніліся Езус і вучні, збіраючыся расказаць навіну...

"Езус апярэдзіў яго" – Ён адразу выхапіў Пятра з маркотных думак, і, цалкам магчыма, спыніў лавіну гнеўных слоў абурэння. Прапанова Езуса паразважаць пачала ўзнімаць позірк Пятра ўсё вышэй і вышэй: спачатку на ўзровень каралёў зямлі, а потым – да Айца Нябеснага. Сыны свабодныя. Але схіляюцца над турботамі збіральнікаў дадрахмаў. Сынам дасяжная вышыня, але яны не ўзносяцца над тымі, чый зрок абмежаваны. 

Пакуль Пётр у дарозе думаў, што скажа і як, Езус ужо ведаў, што ў яго запытацца. Не схавалася ад Яго і тая рыбка, што не дазволіла змарнавацца манетцы ў глыбокай вадзе. Ці ходзім мы, ці плывём, можам паслужыць Богу і адно аднаму, калі дазволім Езусу вясці нас.

Даверыцца гэтай празрыстасці і Божаму ўсяведанню не так проста. Патрэбны не адзін такі выпадак, як з Пятром, і нават не два, і то не чужых, а асабіста перажытых, каб навучыцца з удзячнасцю заўважаць Божую дапамогу і любоў. "Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны", – піша апостал Павел. Наколькі мы ўсведамляем глыбіню гэтага Божага спазнання кожнага з нас?

Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў,
Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі,  
Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною,
і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.

Яшчэ няма слова на маім языку,
а Ты, Пане, ужо ведаеш усё. 

З усіх бакоў мяне ахінаеш, і кладзеш на мяне сваю руку.
Незвычайнае для мяне разуменне Тваё,
недасягальнае, не магу спасцігнуць яго.

Куды пайду ад Духа Твайго
і ад аблічча Твайго куды ўцяку?

Калі ўзыду на неба, Ты там;
калі спачну ў адхлані, Ты побач.

Калі вазьму крылы зараніцы
і перасялюся на ўскраіну мора,

нават там рука Твая мяне павядзе,
і Твая правіца будзе трымаць мяне.
_______
#псальм139


No comments:

Post a Comment