20/06/2017

Дождж для несправядлівых

"Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах." Мц 5, 44

Трэба прызнаць, што часцей сустрэнеш пошук адказу на пытанне "Хто мой бліжні?", чым "Хто мой вораг?" І гэта правільна, бо добра задумаўшыся над тым, хто з'яўляецца бліжнім, людзі прыходзяць да высновы, што ворагаў цяжка знайсці. Але вось я гляджу на гэтыя словы Езуса і ўсё ж задаю пытанне: каго Ён мае на ўвазе? Я не ведаю. Верагодна, звяртаючыся да мяне, менавіта тых, каго я лічу сваімі ворагамі. Каму мне хочацца сказаць "Стоп!" Чыйму існаванню мне хочацца не спрыяць, а зусім наадварот. На каго я скарджуся сабе, іншым, Богу, ды яшчэ з цьмяным падазрэннем, што гісторыкі не ўсіх ворагаў дагледзелі, палітолагі не вельмі дакладна акрэслілі, а бацькі не ўсё расказалі.


І вось выслухаўшы ўсё гэта, Езус кажа: "Любі і маліся. І станеш дзіцём Божым".  Той, хто любіць, не спыняецца на пачуццях, нават часам не ўлічвае іх, абы толькі зрабіць штосьці добрае для любімага чалавека. Той, хто моліцца, не мае часу адсочваць зручны момант для нападу. А стаўшы сынам Айца, Які "загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых", пераймае такую ж здольнасць саграваць, суцяшаць, наталяць прагу, іншымі словамі, падтрымліваць жыццё.

Але, Пане, што мы ўсё пра мяне ды пра мяне? А яны – што? Ворагі мае ад маёй любові ды малітвы выправяцца ж, праўда? Я вельмі выразна бачу, што ў каго трэба палепшыць і зараз жа магу Табе расказаць. Напэўна згоды на такую прапанову не будзе... Нам зручней бясконца гаварыць Езусу пра іншых, а Ён зноў вяртаецца да размовы пра нас саміх. Ён нічога не кажа пра лёс тых людзей, крыўды на якіх пераследуюць нас. Пры гэтым крыўдзіцель можа і не ведаць ці забыцца, што стаўся прычынай шматгадовых пакутаў. А колькі людзей помсціць самім сабе? Найцяжэй заўважыць, што носіш свае крыўды, як акуляры, і праз іх глядзіш на людзей і на свет.

Часам здаецца, што Бог не хоча слухаць. Гаворыш Яму, тлумачыш... Але насамрэч Ён хоча дыялогу. Пра гэта напісана ўжо так шмат, што акрамя практыкі, здаецца, няма чаго дадаць. Калі толькі адно: гаворачы пра любоў да ворагаў, Бог не лічыць нашыя крыўды і раны нязначнымі. Езус бачыць, што кажучы "будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны", Ён звяртаецца – можа, за малым выключэннем – да параненых асобаў, зламаных несправядлівасцю, нястачай, ганеннямі, абмежаваннем свабоды і развіцця. Ён бачыць і ўсіх вінаватых, вытокі і прычыны ўчынкаў, і наступствы, недасяжныя нашым вачам. Мае грахі – таксама бачыць з усім тым, што яны прынеслі і да чаго спрычыніліся.

Як гэты дождж за акном, што цяпер поіць сасмяглую зямлю, Божая любоў схіляецца над кожным з нас, каб напоўніць сабой скамянелыя сэрцы і праліцца цераз край на ўсіх, хто хоць якім-небудзь чынам звязаны з намі, не разбіраючы, кім яны ёсць. Ці не ў тым дасканаласць, каб дазволіць ёй гэта зрабіць?

No comments:

Post a Comment