25/05/2017

Даць імя смутку

"А Езус пазнаў, што хацелі ў яго спытаць, і сказаў ім: Распытваецеся адзін у аднаго пра тое, што Я сказаў: Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш зменіцца ў радасць." Ян 16, 19-20
У стане няпэўнасці адны пытанні цягнуць за сабой наступныя, а заслона над будучым не становіцца больш празрыстай. У каго пра Настаўніка маглі спытацца вучні, як не адзін у аднаго? Самі сабе былі экспертамі. Але шматлікія абмеркаванні Ягоных слоў не прыносілі чамусьці супакой. Таму яшчэ раз спачатку: Што значыць "яшчэ крыху"? Не ўбачым – і зноў убачым... Як Ён пойдзе да Айца, калі казаў, што Ён і Айцец адно? А з намі што будзе?

Езу, куды Ты пойдзеш, маючы перад сабой гэтыя вочы, у якіх такая насцярожанасць і страх? Як Ты пакінеш вучняў, калі вера толькі-толькі пачала распраўляць ім крылы? Як Ты выпусціш іх са Сваіх рук нават на кароткі час? Што з імі будзе?


Але словы сказаны, і то вельмі выразна. Яны ўсё гучаць і гучаць, неадступна следуючы за вучнямі, і за намі. Яшчэ хочацца думаць, што нічога не станецца. Можа, Ён выказаўся алегарычна, у пераносным значэнні. Карціць пакінуць шчылінку для такіх спадзяванняў. І нават спытаўшыся наўпрост, да апошняга будзем чакаць ад Езуса абвяржэння таго выразнага папярэджання. Не абяцанне Суцяшыцеля супакойвае нас, але спадзяванне, што Ён скажа: "Я нікуды не адыйду, буду пры вас. І штовечар у бяспечным ціхім месцы будзе вячэра, цёплае полымя лямпы, спеў і размовы." Можна нават і без вячэры...

Адказ жа Езуса не пакідае шчылінак для ілюзій якраз таму, што Ён любіць Сваіх сяброў. "Вы будзеце плакаць і галасіць". Доктар звычайна папярэджвае перад працэдурай: "Зараз крыху забаліць – і ўсё". А Езус кажа дарослым людзям: будзеце плакаць, а свет не паспачувае.  Навокал будуць цешыцца, радасна пытаючыся адзін у другога: "Дзе ж іх Бог? Такім грэшнікам так і трэба. Галосяць цяпер. Паглядзіце, на каго яны падобныя, а мы ім ледзь не паверылі!"

"Чаго ты плачаш?" – спытаецца потым Уваскрослы Езус у Марыі Магдалены. І гэта вельмі важнае пытанне, якое патрабуе асабістага адказу. Што азначае твой плач? Па чым ты плачаш? Па кім?

"Смутак зменіцца ў радасць", але спачатку трэба яго прыняць, даць яму слова, і дазволіць расплакацца свайму сэрцу, якое не ведае, дзе Бог, куды Яго забралі, дзе Яго шукаць. Названы смутак заменіцца ў радасць за адно імгненне, калі ж радасць сустрэчы так блізка. Сапраўды, хуткім можа быць вяртанне Пана, які цяпер чакае за дзвярыма кожнага сэрца, які крочыць побач, які працягвае далонь у цемры.

No comments:

Post a Comment