16/04/2020

Трыванне ў надзеі са св. Янам ад Крыжа


Св. Ян ад Крыжа – духоўны настаўнік, містык, доктар Касцёла – палымяны сведка Божага ўплыву на чалавечае жыццё. Як паэт ён карыстаўся метафарамі жаніха і нявесты, каб адкрыць людзям, кім ёсць Бог. А. Ен Мэцью OCD, сабрат св. Яна, напісаў аб ім кнігу “The Impact of God”, што даслоўна перакладаецца як “уплыў Бога”. З усяго багацця тэм, якія закранае аўтар, для гэтага артыкула я выбрала тэму надзеі.

Добры і шчодры Бог такі цудоўны, адзначае а. Мэцью, пакуль нам усё ўдаецца. А калі прыходзяць цяжкасці і апускаецца цемра? Калі давер знікае бясследна, і няма сіл нават паспрабаваць яго вярнуць? У рэальнасці мы вымушаны жыць з цэлым наборам абмежаванняў, а страты, няўдачы, стрэс, грахі і іншыя складанасці нагадваюць аб пагрозе хаосу. Менавіта там стаіць постаць св. Яна ад Крыжа: на парозе няпэўнасці; і суцяшае нас, пераконваючы, што за гэтай мяжой не проста хаос. Цемра, якой мы баімся, пранізана Божым духам, які лётае над водамі смерці і мае ўладу ўваскрасення да жыцця.

Св. Ян знаходзіць у цемры, якую дасведчыў у сваім жыцці, цемру Езуса, і намагаецца наблізіць іншым магчымасць сустрэчы з Богам у веры і малітве, дапамагчы ўспрыняць Божую прысутнасць у штодзённым жыцці. Аднак, каб палічыць сведчанне святога годным даверу, варта зазірнуць у яго біяграфію.

Асоба св. Яна ад Крыжа пазначана спалучэннем любові і цярпення. Людзі цягнуліся да яго. Браты ў супольнасці называлі добрым, успаміналі яго зычлівасць. Але ўсё гэта не паходзіла з лагоднага настрою і спрыяльных умоў. Хуан дэ Епес Альварэс (свецкае імя) нарадзіўся ў 1542 годзе ў палітычна магутнай Іспаніі, закранутай беднасцю і дыскрымінацыяй. Убогім таго часу даводзілася жыць у жорсткіх умовах галечы і антысанітарыі. Хуан не быў ізаляваны ў вышэйшых саслоўях, рос і фарміраваўся ў гэтых адкрытых ранах грамадства. Застаўшыся без бацькі, яны з маці мусілі пераехаць у большы горад – Медзіну дэль Кампа ў цэнтры Кастыліі, гандлёвы цэнтр, які прыцягваў не толькі людзей, але таксама хваробы. Падлеткам Хуану давялося стаць санітарам у адным з гарадскіх шпіталяў, прызначаным для паміраючых ад сіфіліса. Але не асуджэнне грэшнікаў, а спагада да церпячых жыла ў ім.

У 21 год юнак пакінуў шпіталь і ўступіў у ордэн кармэлітаў, дзе правёў чарговыя 30 гадоў. Біёграф піша, аднак, што нягледзячы на малітоўнае жыццё, пасвячэнне, навучанне ва ўніверсітэце Саламанкі, манах быў незадаволены, хацеў пакінуць ордэн кармэлітаў і стаць картузіянцам, каб весці больш суровае жыццё. У гэты перыяд ён сустракае св. Тэрэзу ад Езуса, якая ўжо пачала рэформу жаночага ордэна кармэлітак, засноўваючы супольнасці дастаткова малыя, каб быць з’яднанымі, дастаткова бедныя, каб быць свабоднымі, моцна абавязаныя шукаць Божага сяброўства праз малітву, якая з’яўляецца шляхам ацалення свету. Заснавальніцы кляштараў было 52. Аднаўленне, якое несла св. Тэрэза, суправаджалася супрацівам з боку тых, хто не жадаў далучыцца да рэформы, хоць яе падтрымліваў кароль Іспаніі і нават Рым. Манахіня была “эпіцэнтрам землятрусу”, і вельмі хутка яе ўплыў стаў адчувальны ва ўсёй Іспаніі. Тэрэза заўважыла ў непрыкметным манаху такі самы дух.

Адной халоднай снежаньскай ноччу 1577 года Яна ад Крыжа выкралі для допыту. Не згадзіўшыся з абвінавачваннямі ў свой адрас, манах быў заключаны ў малой каморы амаль без святла. Сябры не змаглі даведацца, дзе яго трымалі. Адзінота, мізэрнае харчаванне, рэгулярнае бічаванне, шнары пасля якога засталіся на доўгія гады, немагчымасць змяніць адзенне, вошы, а ў дадатак і псіхалагічны здзек. Час ад часу ў прысутнасці зняволенага пачыналі размовы аб тым, што хутка выправіцца адсюль у труне, што ўсе рэформы – справа яго жыцця – праваліліся. Муры, у якіх змясцілі манаха, таксама мелі давесці яму, што ён бунтаўнік, хоць складаў абяцанне паслухмянасці. Але найбольш балючай была думка, як пазней успамінаў, што Тэрэза і яго сябры будуць лічыць, нібыта адрокся ад іх.

Гэта ўсё адбывалася адначасова: фізічнае і маральнае цярпенне, трывога, якая раз’ядала знутры, і цемра, што ахутала адносіны з Богам. Менавіта ў найцяжэйшы перыяд жыцця, калі прысутнасць Бога была так неабходнай, Ён здаваўся манаху далёкім, нават чужым; і Ян адчуваў сябе іншаземцам, які страціў усё ў незнаёмым краі. Велізарная ўнутраная сухасць і няшчасце сталі яго ўдзелам, калі быў пакінуты Богам ва ўнутранай цемры сам-насам з цемрай турэмнай камеры.

Манах пераступіў парог уласных рэсурсаў і адчуў сябе перад выбарам: Святы Дух напоўніць яго або хаос. Неверагодна, але менавіта тады ён пачаў пісаць свае найлепшыя творы. Св. Ян, якога называлі “ціхім чалавекам”, бо не спяшаўся выказвацца аб сваім досведзе Бога, загаварыў, але не прозай, а вершамі аб самым інтымным перажыванні – сустрэчы душы з Богам. Займеннік “я” ў яго творах сустракаецца рэдка, і ўсё ж ён пісаў аб уласным вопыце.

Пасля 9-ці месяцаў зняволення Ян, скарыстаўшыся магчымасцю, уцёк. Альтэрнатывай, улічваючы яго крайнюю знясіленасць, была смерць. Ён атрымаў у сяброў падтрымку і неабходнае лячэнне. Ачуняўшы, працягваў засноўваць кляштары і дапамагаць іншым узрастаць у духоўным жыцці. Аднак тое, што адбывалася ў турэмнай камеры ў Таледа, было значна большым, чым канфлікт між людзьмі з рознымі поглядамі. Сам манах інтэрпрэтаваў гэта як прабыванне ў “чэраве вялікай рыбы”, падобна прароку Ёне. Бог здзейсніў глыбокае перамяненне ў ім, даў ласку раздзяліць паміранне і ўваскрасенне Езуса. Там, у поўнай невядомасці сваёй няволі, Ян адчуў “таварыства і ўнутраную сілу, што ідзе поруч з душой і ўмацоўвае яе” – прысутнасць далікатную, нячутную, “цёмную”, якую цяжка апісаць, але яна адна падтрымлівала ў ім жыццё. У цемры святы адкрыў Хрыстовае безумоўнае жаданне любіць менавіта Яго. “Ноч веры” – месца не толькі цярпення, але Сустрэчы.

Кожны з нас можа ўзгадаць цяжкія жыццёвыя моманты, калі адчуваў сябе здраджаным, пакрыўджаным, губляў веру, не бачыў выйсця, гараваў па блізкай асобе… Як адзначаў св. Ян Павел ІІ, “фізічнае, маральнае і духоўнае цярпенне – хвароба, няшчасце голаду, вайны, несправядлівасці і адзіноты, страта сэнсу жыцця, уразлівая крохкасць чалавечага існавання, горкі вопыт граху, уяўная адсутнасць Бога – з’яўляюцца для веруючага чалавека ачышчальным досведам, які можа быць названы «ноччу веры»” (Апостальскі ліст “Maestro en la fe”, 14).

Ноч – вельмі трапнае слова. У цемры наш зрок становіцца непрыдатным, мы рухаемся навобмацак, разгубленыя і бездапаможныя. Голас св. Яна гучыць упэўнена і ясна, калі ён сцвярджае ў “Малітве закаханай душы”: “Таму цешуся, бо Ты не падвядзеш маю надзею!”. Ва ўсіх балючых падзеях, якія здараюцца ў фізічным і духоўным вымярэнні, ён раіць напаўняць сэрца не горыччу, а надзеяй, “любячай увагай”, якая чакае Пана, бо Ён не пакіне тых, хто шукае Яго. Ян ад Крыжа вучыць трыванню, якое супрацьстаіць страху і паніцы, заахвочвае дарэшты давяраць Богу і Яго Провіду. Кожны з нас бясконца дарагі Пану, кожны пакліканы да Яго чулым голасам любові. Калі адкрыем сваё сэрца і жыццё Богу, напоўніць яго сабою, застанецца з намі, каб праз нас ісці да іншых людзей. 

No comments:

Post a Comment