05/04/2020

Жыццё на дарозе

І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам, які кажа:
Скажыце дачцы Сіёна:
Вось Кароль твой ідзе да цябе;
лагодны, седзячы на асліцы
і на асляняці, сыне пад’ярэмнай.
<...> І мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе...
(Урывак з чытання ў Пальмовую нядзелю Мц 21, 1–11)

Ужо не ўспомню, калі і дзе я чула гэты метафарычны заклік: рассцяліце перад Хрыстом сваё жыццё. Больш вобразны, чым той, што заахвочвае адкрыць дзверы сэрца. Не застаецца нічога вертыкальнага, што магло б стаяць на шляху Езуса: усё жыццё рассцілаецца роўнай дарогай. Зрэшты, дастаткова нават сцежкі для таго осліка, на якім Ён едзе.


"Кароль твой ідзе да цябе", і Ён – лагодны... Так многія спрабавалі сілай стаць валадарамі, скаралі, дабіваліся – і нічога не змянялася з іх панаваннем. "Дом малітвы" працягваў гандаль "Ты - мне, я - Табе", сляпыя і кульгавыя туляліся па закутках.

Цяпер збываецца сказанае прарокам і тыя, што прыйшлі памаліцца і прынесці ахвяру, радуюцца, стоячы з пустымі рукамі. Столькі ўсяго адыходзіць на другі план, калі з'яўляецца сапраўдны Кароль. Ён хоча быць так блізка, каб кожны мог наблізіцца, дазволіць дакрануцца да таго, што баліць, і стаць здаровым.

Ці ведалі тыя, што хуткім рухам рассцілалі свае плашчы і хусты, што гэта толькі падрыхтоўка перад галоўным шэсцем Караля па вуліцах горада? Сваю хусту падасць Яму ў той дзень адна Вераніка.

No comments:

Post a Comment