05/03/2018

"Высокія" парогі дому Айца

"І пачалі весяліцца." Так заканчваецца гісторыя пра марнатраўнага сына і пачынаецца аповед пра старэйшага. Пасля гэтай фразы міжволі ўсміхаешся, рэдка аж так яўна, але недзе ўнутры то заўсёды, нібы душа чуе гукі той "музыкі і танцаў" і імкнецца далучыцца да агульнай весялосці: "Сын мой ажыў, знайшоўся!"

"А старэйшы сын ягоны быў на полі." Жыццё малодшага і старэйшага мела такі розны рытм... Цалкам можа быць, што з самага дзяцінства. Мы добра ведаем, што малодшы паспеў за кароткі час нарабіць, колькі перадумаць, з якіх вышыняў упасці, вярнуцца ў бацькоўскі дом з апошніх сіл, без прэтэнзій на сыноўства, толькі на прабыванне недзе паблізу ад бацькі, каб хоць не галадаваць, не памерці. Можа толькі глянуць здалёк на родны дах, на ганак, з якога калісьці збягаў так хутка, пакідаючы дом... Але ён трапляе ў абдымкі свайго бацькі. Мы нават губляем яго з вачэй у гэтых абдымках прабачэння і радасці.



А пра жыццё старэйшага сына няма ніводнай згадкі. Што і казаць – руціна. Прыйшла вясна – ідзі сеяць, настала лета – даглядай рупліва, а потым неўзабаве "жніво вялікае" – і ён зноў на полі ад цямна да цямна. А яшчэ й жывёла, слугі, адным словам, гаспадарка ўся на ім. Невядома, з якімі думкамі ён дзень па дню рабіў тое, што павінен. На першы погляд, здаецца, злаваў на брата і без ахвоты заставаўся пры бацьку, але напэўна, як і з кожным чалавекам, з ім не ўсё так проста. Магчыма, ён шкадаваў усіх разам – і бацьку, які тужыць па сыне, і сябе, і брата, які згінуў невядома дзе, а ўсяго толькі з самага дзяцінства хацеў паглядзець на свет, вялікія гарады і дзівосы іншых краін. А яго так не хапае тут, дома...

І вось, у самы звычайны вечар, вярнуўшыся з поля, ён пачуў вясёлую музыку. Можна зразумець, што яна яго вельмі здзівіла, але чаму ён не ўвайшоў, а паклікаў слугу? І той распавёў і пра блуканні малодшага брата, і пра рэакцыю бацькі. Што ж так забалела брату старэйшаму? Чаму і ён не адолеў "высокі" парог бацькоўскага дому? Можна толькі паспрабаваць здагадацца, што высокім гэты парог здаўся яму з-за раптоўнага пачуцця сваёй мізэрнасці, адкінутасці. Уся мінулая руціна ягонага жыцця сталася нічым, пылам, непатрэбнай стратай часу. Горыч "адкрыцця": дык вось як трэба было жыць! Трэба бадзяцца, марнаваць спадчыну на распусніц – і бацька зладзіць баль, дастаткова толькі вярнуцца назад!..

Што ж гэта з ім – зайздрасць, бязлітасная ў сваім засляпенні? Ці адчай дзіцяці, якое перакулілася дагары нагамі і не ведае, як жыць у гэтым новым незразумелым свеце? Бо сапраўды, калі справядлівасць аказваецца нічога вартай, калі выконванне бацькоўскай волі ўжо нікому не патрэбна, то як жыць у такім свеце? Як увайсці ў дом, які раптам стаўся чужым?

Езус кажа, што бацька выходзіць да старэйшага сына сам. Просіць увайсці, слухае сынавы скаргі і пяшчотна ставіць гэтае спалоханае маленства з галавы на ногі. "Ён жа адказаў яму: Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся." Лк 15, 1–3. 11–32

Свет не змяніўся. І парогаў няма зусім. Усё, што згодна з воляй бацькі зроблена табой, дзіця, – каштоўнае. Але сын павінен наследваць бацьку і ў міласэрнасці. Зрабіць гэты крок самастойна нам вельмі цяжка. Як і малодшаму, так і старэйшаму сыну, так і многім з нас самыя розныя прычыны замінаюць увайсці ў дом Айца. Як бачым, гэта надуманыя прычыны, уяўныя парогі... А за дзвярыма ўжо тымчасам "пачалі весяліцца".

No comments:

Post a Comment