15/08/2016

Калі вялікія становяцца малымі

Стаць малым – дзіўная перспектыва для сучаснага свету, дзе трэба марыць аб большым і ставіць вялікія мэты, дасягаць іх, і ставіць яшчэ большыя мэты. І зноў такі дасягаць. Бо мы такія малайцы і мы гэтага годныя ці як там любяць казаць у рэкламе. Некарэктнае абагульненне, скажаце. Так, але хачу растлумачыць, што я маю на ўвазе.

Памятаеце той момант у Евангеллі ад Лукі (9 раздзел), калі Езус сказаў, што будзе выдадзены ў рукі людзей, а вучні яго слухалі адным вухам, не разумелі, а "баяліся запытацца ў Яго аб гэтым Слове". І адразачку: "З'явілася ж у іх думка, хто з іх большы". Насамрэч, гэта такая сур'ёзная думка, якая можа запоўніць не адну галаву, то й не дзіўна, што Хрыстовы словы ўжо не змяшчаліся ў вучнях. Часам сустракаюцца такя занятыя дзелавыя-дзелавыя людзі, якія чуюць усё, што ім кажуць, але не надаюць увагі другасным, па іх разуменню, рэчам: "Так, гэта не гарыць, займуся пасля". Уласнымі трывогамі вучні пераймаліся больш, чым словамі Настаўніка. За тры гады прабывання з Езусам апосталы – можа не так, як маглі б ці як нам бы хацелася, – але выраслі над сабой. Ды неяк так выраслі, што сталі загараджваць сабой Хрыста, і нават ганарыліся гэтым. Ну, і хацелі, вядома, неяк сваю велькасць упарадкаваць.


Езус, "ведаючы думкі сэрца іх", хацеў даць ім прыклад добрай іерархічнасці, аб якую не трэба было б ламаць галовы і сэрцы. Узяў дзіця і "паставіў яго каля Сябе і гаворыць ім: "Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, бо хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той ёсць большы".

Што я чую зараз у гэтых словах: хто адкладзе ўбок сваю важнасць і выслухае Хрыста, як малога хлопчыка, і дасць веры Яго словам, і будзе думаць над імі, і задаваць пытанні (бо хто ж пабаіцца задаць пытанні дзіцю?), пра таго чалавека можна сказаць, што ён прыняў і пачуў Езуса.
Праўда, у мяне за 13 год мацярынства выпрацаваўся прафесійны рух адносна дзяцей, якія да мяне набліжаюцца: накарміць. Не, кажа Хрыстус, ты паслухай.

На здымку камяні-гладышы (вучні) патрымліваюць адзін аднаго ў нязручнай пазіцыі, бо паасобку яны паваляцца. За імі не бачна іншым нічога. Невысокі камень, які абазначае Хрыста, стаіць на першым плане з маленькім дзіцём-каменьчыкам перад ненатуральна падросшымі вучнямі.

Але вернемся да Евангелля. Мяркуючы па рэакцыі вучняў, яны вельмі літаральна ўспрынялі апошнюю фразу пра найменшага сярод іх. Магчыма, маладому апосталу Яну ў вызначэнні "большага" сярод Дванаццаці не адводзілі вялікай ролі. Але пачуўшы пра найменшага, менавіта ён стаў аўтарытэтным вучнем і вырашыў скласці невялічкую справаздачу. "Адказваючы, Ян сказаў: "Мы бачылі, як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі". Невядома, ці ён ставіў гэта сабе ў заслугу, ці турбаваўся правільнасцю забароны. Факт у тым, што вучні Хрыста вырашылі такім чынам адрэагаваць на зло, якое сустрэлі. А крыху пазней, вырушыўшы ў дарогу, Ян з Якубам папросяць дазволу спапяліць паселішча самарыцянаў, якія па сваіх прычынах адмовіліся прыняць Езуса на начлег.

Здаецца толькі-толькі апосталам сказана было: "Не забараняйце, бо хто не супраць вас, той за вас", і Езусу зноў прыходзіцца грозна глядзець на іх, сыноў грому, якія вучацца-вучацца ды ўсё растуць, а не малеюць. Бо што значыць быць малым, акрамя таго, што задаваць процьму пытанняў? У выпадку вучняў, не засланяць сабой Хрыста іншым людзям, лічачы сябе аўтарытэтамі і малайцамі. Калі любуюцца вучнем, то любуюцца не ім, не ягонымі цудоўнымі якасцямі, але Богам любуюцца, Які выяўляецца ў гэтым чалавеку праз Свае дары.


Я захапляюся шчырасцю апосталаў, якія расказалі пра гэтыя выпадкі ўсім хрысціянам. Расказалі зусім як дзеці. Езус ведаў, што ўрэшце яны імі стануцца. Пад Ягоным крыжам яны сталі дзяцьмі, бездапаможнымі, спалоханымі, асірацелымі. А якія ж сапраўды вялікія рэчы зрабілі потым, атрымаўшы Духа Святога, Духа ўсынаўлення...

Усе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя. Бо вы не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: Абба, Ойча! Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя. А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца. (Рым 8, 14-17).

No comments:

Post a Comment