23/05/2016

Рытм



На беразе Эгейскага мора я стаяла, прыціхшы. Вельмі даўно хтосьці з грэкаў сказаў, што душу лечыць мора. Са здзіўленнем успомніла, як хацелася мне ў дзяцінстве ўбачыць гэты бераг, калі чытала старажытныя міфы. Адчуванні? Аняменне, нейкая пустка і жаданне абярнуцца ў слых. Назіраць, як нараджаюцца з цэлага мора асобныя хвалі, дазваляць ім кранацца босых ног і вяртацца назад "да сябе", глядзець, як празрыстая вада згладжвае сляды на пяску. І адчуваць, што адначасова знікаюць сляды нягодаў і стомы недзе глыбока ўнутры цябе.

Колькі ж трэба маўчаць каля мора, каб пачалі нараджацца хоць якія-небудзь словы... Нават не ўяўляю сабе. А пачаць будаваць? А займацца філасофіяй? Вялікае багацце думак, мастацкх твораў, тэорый і канцэпцый дайшло да нашых дзён са Старажытнай Грэцыі.  Цікава, як гэтая спадчына ўздзейнічае на сучасных грэкаў? За некалькі дзён не разбярэшся.



Часам зусім блізка да пляжа пад'язджалі аўтамабілі. Людзі былі звычайна немаладыя, удваіх ці толькі самі вадзіцелі. Яны адчынялі дзверы ў машыне, але не выходзілі. Сядзелі на сваіх месцах і перакусвалі, гледзячы на мора. Ад'язджалі адныя, неўзабаве з'яўляліся іншыя. Нібыта ім мала было проста жыць побач з морам, трэба было яшчэ й чуць і бачыць яго на працягу дня.

Час запаволіўся так, што я адкрыла даўно і немаведама адкуль (і навошта) спампаваную кнігу „Poezja jest sztuką rytmu” Joanny Dembińskiej-Pawelec. Проста назва спадабалася: "Паэзія – мастацтва рытму". Аказалася, што ў рытма даўно ёсць свае даследчыкі, і з'ява гэтая зусім не простая, як і многае іншае, што мы адчуваем, але не можам растлумачыць. Вось, напрыклад, на думку Pius Servie: "Рытм – гэта акрэсленая перыядычнасць", тым самым, мае суб'ектыўны і псіхалагічны характар. Чалавек можа заўважыць і вызначыць рытм у навакольным свеце.

Далей яшчэ цікавей. "Выраз "рытм" – па-грэчаску ρυθμος, на лаціне rhythmus – паходзіць хутчэй за ўсё ад слова rhéo – (ρεω) "плыць", "сцякаць", "гайдацца". Звязваюць яго з праіндаеўрапейскім sreu, якое выражала лучнасць з мерным рухам марскіх хваляў."

Дык вось ты дзе, правобраз і эталон рытму, – сказала я хвалям. Што ж вы яшчэ нашапталі людзям за тысячы (мільёны?) год?

"У антычнай тэорыі адрознівалі токі звязаныя, рэгулярныя, ізаметрычныя, якія называлі формай vincta і токі ірацыянальныя, не звязаныя, свабодныя – форма soluta. Вынікі апошніх даследванняў паказваюць, што выраз "рытм" найбольш верагодна паходзіць ад кораня ρυ (ερυ) і азначае не плынь, але ўстрыманне і строгі падзел і абмежаванне руху. Rhythmos можна параўнаць з паслядоўным, паўтаральным рухам хвалі, адмераным прылівамі і адлівамі, у суме, з рухам, які вызначае адвечную меру існавання."

На жаль, я не мела столькі часу, каб на тым беразе ўсвядоміць гэтыя словы: адвечная мера існавання. Я толькі прачытала яшчэ, што біццё сэрца і дыханне чалавека ствараюць няспынныя рытмы ўнутры чалавека, якія заўсёды з ім. Сапраўды, крыватокі і паветра ў лёгкіх таксама падобныя да хваляў. Можа таму нас так цягне да мора, як кавалачкі да цэлага, што ў нас заўсёды гучыць ягоны рытм?

No comments:

Post a Comment