
Неяк нялюдзка Яго постаць звязалі вяроўкай: нібыта яе лёгка можна скінуць, як недарэчную мішуру. Але адначасова так адмыслова яна апляла Езусу рукі і закруцілася вензелем, што позірк заблытваецца ў ёй. Езус, здаецца, толькі на момант стомлена прыхінуўся да сцяны, пакуль Пілат вымаўляе сваё "Esse Homo!"
Так, вось Чалавек! Вольны, нягледзячы на вяроўкі і смяротны прысуд. Вось - больш, чым кароль, чым самы ўплывовы прэзідэнт і багацей. Не зведаў на зямлі шаўковых строяў і высокіх прывілеяў. Не атрымаў ганаровых адзнак. Не прыдбаў сабе нават невялічкай арміі. Пот, пыл, цярпенні. І ў выніку - на тым судовым ганку Пілатавага палаца Бог-Чалавек стаіць адзін. Хоць мог бы, ды не скідвае з Сябе вяровак і жудаснай кароны.
Хто ж тыя, якія ідуць за Ім? Чаму яны абіраюць Ягоны бок, а не бок зла, якое выглядае мацнейшым, пэўным сябе, добра аплочаным?