Столькі ўжо, здаецца, чытала, перакладала і пісала пра яе, але толькі з практыкай прыходзіць зразуменне, што да паставы ўдзячнасці мне яшчэ вельмі далёка. Трапілася не так даўно цудоўнае выказванне ў адным з разважанняў на "Прасторы малітвы". Брат Дэвід Штэйндл-Раст, заснавальнік сусветнага руху “Удзячнасць”, піша, што “корань радасці – удзячнасць... Не радасць робіць нас удзячнымі, а якраз удзячнасць робіць нас радаснымі".
Сапраўды, шукаць карані радасці не заўсёды прыйдзе ў галаву. Як добра, то і добра, дзякуй Богу. А вось калі нешта не так, то прыходзіцца разбірацца (калі не ўдаецца пазбавіцца непрыемнасці адным махам). Так, карані ёсць, хоць і нябачныя. І па ўсім выходзіць, што чалавек можа выбіраць "насенне", якое пусціць карані і даць адпаведныя ўсходы. Часам кажуць, што хтосьці сее вакол сябе радасць. Гэта ўжо бачны іншым учынак, а вось калі і як сеецца ўнутраная ўдзячнасць? Непрыкметная з'ява, але такая неабходная... Радаснаму чалавеку лягчэй брацца за любую справу. Лягчэй благаслаўляць, чым праклінаць. Прабачаць і каяцца, трымаць абяцанні, знаходзіць нестандартныя рашэнні, заўважаць, як Бог адчыняе вокны там, дзе зачыняюцца дзверы.
І на першым кроку рахунку сумлення трэба дзякаваць, а не шкадаваць. "Насенне" ляціць у глыбіню сэрца, губляецца, здавалася б, але дарэмна сядзець і ўглядацца, калі ж там з'явяцца парасткі радасці. Як і трава вясной, невядома, як яна расце.
Дык вось наконт практыкі. У рэальным жыцці (неідэальным) гэта азначае, умоўна кажучы, схіліць галаву перад Даўцам усяго, што атрымана. Чым больш людзі прымаюць паставу ўдзячнасці, тым больш павялічваецца іх адчувальнасць да бясконцасці дароў і ласкаў. Але не адразу ды не назаўсёды. Удзячнасць - той выбар, які трэба рабіць і рабіць, доўга ты пражыў ці мала, весела табе ці не надта. Гэта пэўны навык, які лёгка страціць, калі доўга "адпачываць".
Мала таго, што пакора патрэбная, каб падзякаваць, дык яшчэ і адказнасць за атрыманыя дары ідзе поруч. Калі падарунак – рэч каштоўная, якой трэба карыстацца, то будзе несумленным пакінуць яе ў куце, каб псавалася і збірала пыл. А які з Божых дароў не мае каштоўнасці, хто можа вызначыць? І кожны з іх кажа аб Яго прысутнасці. Вельмі ціха і ненастойліва. Магчыма, каб не "перагружаць" нас.
Пару гадоў таму мне сустрэлася цікавае практыкаванне: ранішняя ўдзячнасць. Сутнасць – як расплюшчыш вочы, дойдзеш да сябе з дапамогай кавы ці там гімнастыкі ці паспешлівага выйсця з хаты, – падумай, за што ты дзякуеш Богу сёння раніцай. Проста, праўда? Першыя некалькі дзён, так, досыць лёгка дзякаваць, што ўстаеш, маеш сілы на тое і тое, ежу і магчымасць рабіць тое ці іншае... А потым аказваецца, што гэта быў узровень "ведаю", а "адчуваю" я сябе нараніцы зусім інакш. А практыкаванне прапануецца рабіць каля 3 месяцаў.
Толькі з трэцяй спробы мне ўдалося "злавіць" нейкі сэнс і прызнаць, што мне сапраўды цяжка быць удзячнай самым ранкам, калі яшчэ нічога нібыта і не адбылося. Няма за што, рацыяльна даводзіць пыха, а ў галаве хутчэй спіс трывог і прэтэнзій да надыходзячага дня. Іх, дарэчы, таксама варта прадставіць Богу, але – што ты паробіш! – пасля ўдзячнасці. І менавіта такая чарговасць, як я думаю цяпер, вызваляе.
За тры месяцы можна прызвычаіцца ў рэшце рэшт падчас руцінных ранішніх дзеянняў, па дарозе, у хвілінным чаканні свайго аўтобуса спрабаваць адказваць на гэтае пытанне: за што я ўдзячная сёння? Можна нават кораценька запісваць, хоць гэта будуць паўторы тых самых рэчаў часцей за ўсё. Прынамсі, спачатку. Складана тыдзень за тыднем прызнаваць, што цяпло ў хаце, хлеб на стале, блізкія людзі – дар, а не тое, што і павінна быць. Магчыма, і цярпенні трапяць у спіс з цягам часу.
Кожная спроба за гэтыя гады паказвала, што не такая я ўжо і ўдзячная. Бог застаецца верным, даючы тое самае штодня яшчэ да таго, як я прачнуся. Але ці "патрапіць" парадаваць? Выглядае на тое што без уважлівасці і ўдзячнасці – не. Дары і адценні Яго любові застануцца фонам, на якім будзе мітусіцца няспынны ў сваёй патрабавальнасці эгацэнтрызм. Якраз знайшлося сугучнае параўнанне з сумна вядомым фараонам з Кнігі Зыходу: "Прычына ўпартасці фараона ў тым, што ён загледзіўся ў сябе, у сваю боскасць, што прывяло да пыхі і засляпення. Вынік – усё больш кволы кантакт з рэчаіснасцю і памылковае яе ацэньванне, неадчувальнасць да таго, што адбываецца навокал, ігнараванне самых значных і найбольш відавочных фактаў" (П. Карпіньскі).
Бязрадасны фінал, што і казаць. Таму выбіраць удзячнасць – значыць выбіраць больш надзейны напрамак, які не вядзе да страты сябе, а нааварот, адкрывае праўду пра ўсё створанае і Стварыцеля.
Назаўтра зноў прагучыць пытанне, за што і за каго я дзякую. Так малое дзіця, якому сёння ўсё растлумачыш, на наступны дзень пытаецца зноў – не з-за дрэннай памяці, але каб ведаць, што за ноч нічога не змянілася, што ёсць нешта трывалае і цвёрдае, на што можна абаперціся. Радасць – нібы дзіця, што шукае надзейнай глебы і каранёў, хоча ўпэўніцца, што першы ж вецер не зашкодзіць, не развее яе па свеце, не пакінуўшы і следу.
No comments:
Post a Comment