05/04/2019

Значнасць асабістага выбару

Нядаўна прачытала з цікаўнасцю, але без асаблівай увагі, каментар Кэрал Мэйерс (Carol Meyers), амерыканскай даследчыцы Бібліі, аб постацях жанчын-павітух, якія з’яўляюцца ў першым раздзеле кнігі Зыходу. У гэтыя дні нечакана актуальнасць іх павялічылася, так што мне захацелася падзяліцца некаторымі сваімі разважаннямі. Фрагмент з кнігі Зыходу – з Бібліі на падставе рукапісаў кс. У.Чарняўскага.

“І сказаў цар егіпецкі павітухам гебрайскім, адна з якіх звалася Сэфраю, другая – Пуваю, загадваючы ім: “Калі будзеце прымаць роды ў гебраяк і надыдзе час нараджэння, то глядзіце: калі будзе (дзіця) мужчынскага роду – забівайце яго; калі будзе жаночага роду – захоўвайце”. Але павітухі шанавалі Бога і не зрабілі згодна пастановы цара егіпецкага, а зберагалі хлопчыкаў. <…> Таму Бог добра абыйшоўся з павітухамі, а народ разрастаўся і рабіўся вельмі дужым; і таму, што павітухі шанавалі Бога, Ён пабудаваў ім дамы.” Зых 1, 15-21

На першы погляд, дзіўна, што кніга Зыходу не падае імені галоўнага прыгнятальніка габрэйскага народа, фараона. Але, магчыма, менавіта на забыццё і безыменнасць ён заслужыў сваімі дзеяннямі. “Аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло, каб памяць пра іх сцерці з зямлі” Пс 34 (33), 17.


Затое першыя асобы, названыя па імені ў гэтай кнізе, – жанчыны-павітухі. Усяго дзве на ўвесь народ? Нязначнасць у гістарычным маштабе? Але для тых, хто захоўваў іх імёны, відавочна, роля іх вельмі важная, і ў духоўным сэнсе – заўсёды актуальная. Па сутнасці, натхнёны біблійны аўтар паказвае людзей, якія стаяць перад выбарам. Хтосьці, неважна, як яго клічуць, мае абсалютную ўладу на гэтым кавалку зямлі. Ён дае падуладнаму чалавеку канкрэтны, адназначны загад. А той задаецца пытаннем: “А як Бог паглядзіць на гэта?” Мінаюць тысячагоддзі, а нагодаў для цяжкага асабістага выбару не становіцца менш. Абставіны, як і ў часы егіпецкай няволі, “або-або”. Або робіш па інструкцыі, або… Ці ўсё ж гэта і ёсць выбар? Сама пастаноўка пытання: "Што мне рабіць, Пане?" – ужо пачатак малітвы і аб Божым адказе, і аб смеласці дзейнічаць, згодна з ім.


Павітухі маглі скарыцца. Ужо калі ўзяўся фараон за габрэяў, то даб’ецца свайго, знішчыць народ. Што ўжо там дзве жанчыны? На што паўплываюць? Павітухі карысталіся павагай у народзе, і, верагодна, нездарма, бо ўмелі прафесійна суправаджаць (таксама і эмацыйна) жанчын у працэсе нараджэння дзяцей, а важнасць такой прысутнасці цяжка перацаніць. Святое Пісанне высока ўзносіць іх выбар шанаваць Бога больш, чым загады і страх. Замест таго, каб змагацца з Богам, яны знайшлі спосаб супрацоўнічаць з Ім, а Ён дае і падтрымлівае жыццё. Ён “пабудаваў ім дамы”. Магчыма, іх дамамі сталі сем’і ўратаваных хлопчыкаў. Прыгожае заканчэнне гісторыі: павітухі становяцца камусьці блізкімі людзьмі, іх атуляюць апекай, пашанай, перадаюць з вуснаў у вусны іх імёны. Магчыма, яшчэ па той прычыне, што іх жыццё дало гісторыі такі працяг, як нараджэнне хлопчыка Майсея.

No comments:

Post a Comment