07/12/2017

Без якіх шкадаванняў будзе лепш

Нядаўна я прачытала аб адной прапанове, якая зацікавіла мяне. І вось у чым яна была: калі б вы маглі вярнуцца назад да сябе 18-гадовага альбо скочыць наперад і наведаць сябе ў 80-гадовым узросце, хто з гэтых двух хацеў бы параіць штосьці вам цяперашняму?

Для мяне больш хуткай на парады аказалася б пажылая я. Так бы мовіць, з вышыні пражытых гадоў... Менавіта ў канцы жыцця людзі часцей глядзяць назад і робць пэўныя высновы, як трэба было гэтае жыццё пражыць. Часам сустракаюцца такія тэксты, напісаныя ад імя пажылых людзей, дзе яны пішуць, аб чым яны шкадуюць, нават па пунктах: 1., 2., 3... Гэта кранальна, насамрэч, але часцей так і застаецца чужым досведам. А вось тут прапанова спытацца ў сябе: што яшчэ можна зрабіць, каб не было шкадаванняў там, у канцы майго жыцця? І за тое, што НЕ зроблена, будзе крыўдна найбольш. За час, не праведзены з блізкімі... За любоў, што не выявіла сябе ні ў словах, ні ў чынах... За непачутыя жаданні сэрца... За жыццё, "пражытае напалову", без мэты, без ахвяры... За недавер да Божай любові...
Дарэчы, Касцёл таксама мае падобныя прапановы: уявіць сябе на парозе смерці, палічыць гэты дзень апошнім з дзён на гэтай зямлі, уявіць сябе на Апошнім Судзе. Што тады стане важным, а што - нявартым увагі, марнаваннем часу? Таксама карыснае пытанне.

Словы Езуса пра будаванне на скале і на пяску маюць у сабе падобныя рысы зазірання ў будучыню і ацэнкі цяперашняга стану рэчаў.
Вось жа кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале.
А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека неразважлівага, які пабудаваў свой дом на пяску. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і было падзенне яго вялікае. Мц 7, 24-27

Хто будзе мець больш шакадаванняў пасля ўрагану: разумны ці неразважлівы? Адказ відавочны. Працавалі разам, укладаючы ў справу шмат часу, грошай, сіл і клопату. Хай сабее першы працаваў цяжэй, будуючы на скале, але ён не пашкадаваў аб гэтым. Магчыма, ён доўга вагаўся, выбіраў месца, марудзіў з рашэннем, але ўзяўшыся - давёў справу да канца і не памыліўся. Неразважлівы – ці ён не ведаў, ці не хацеў, ці выбіраў больш бяспечны варыянт, ці паляніўся - выдаткаваў час свайго жыцця на будоўлю, якая ператварылася ў руіны. І глядзець на гэтае падзенне было вельмі балюча.

І вось ім па 80, нашым будаўнікам. Што б яны параілі самім сабе, калі б маглі вярнуцца ў час закладання падмуркаў?

No comments:

Post a Comment