23/11/2017

Мацней


Яшчэ мацней любіш тады, калі іншы адкрывае табе свае слабасці, сваю крохкасць, зламанасць. Калі гэта сапраўдная любоў. Горкі досвед часта – ды не, амаль заўсёды, – падказвае, што праўда можа быць небяспечнай, што той, каму даверышся, адхіснецца ад цябе, як ад уцелаўлёнага зла. Але сэрца чалавека ўчынена так, што любоў узрастае. Можа, таму што "па вобразе і падабенстве Божым"? Але тады чаму мы стараемся "павярнуцца" да Бога сваім лепшым бокам нават падчас індывідуальнай малітвы?

Мы ж разумеем марнасць сваіх намаганняў, але так спакайней. А хутчэй за ўсё, стараемся не зразумець, што робім, а апраўдацца: "...бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш чаго не сеяў" Лк 19, 11–28. Так тлумачыўся слуга з адной мінай, вяртаючы яе гаспадару. Мне чуецца нейкая пагарда ў гэтым жэсце. "Ты даў мне тое, чаго я не прасіў. Я не разумею, чаго ты хочаш. Я не буду рабіць тое, чаго не разумею, бо..." І так бясконца ён загортвае і загортвае ў непатрэбныя апраўданні даверанае яму багацце, нібы ў ласкуты, якія ўпарта распаўзаюцца ў руках. Ён не кажа, што лічыць сябе бездапаможным і няздатным клапаціцца пра гаспадарскія грошы. Слуга нібы адказвае на пытанне Езуса: "Кім вы лічыце Мяне?"



Прыгледзімся на сваіх "хустак", у якія мы загортваем не толькі Божыя дары, але сваю душу, калі баімся быць шчырымі перад Богам. Менавіта там нас сустракае гэтае пытанне: "Кім ты лічыш Мяне?" Жорсткім і непрадказальным гаспадаром, які не варты даверу і любові?..


"Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго." Ян 15, 15–17

No comments:

Post a Comment