"Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў."Чаму ён маўчыць, гэты госць? Каб каго-небудзь баяўся, то не прыйшоў бы зусім. Каб не меў магчымасці "апрануцца прыстойна", не прагучала б пытання. Вельмі падобна на стаўленне "хачу й маўчу", але не падлеткавы пратэст замыкае яму вусны, а свая выпешчаная ганарлівасць.
Мы ж не такія, праўда? І не мы, пачуўшы "Дружа...", сталі б азірацца па баках, шукаючы, да каго Кароль звяртаецца, і думаць з недаверам: "Калі гэта мы сталі сябрамі? З якой такой радасці Ён мне друг?" Вось у тым і справа – ніякай радасці ў чалавека, што Бог прапануе яму сяброўства...
Які ўбор да твару нам, нечакана пакліканым з далёкіх скрыжаванняў маленькіх мястэчак і каменных джунгляў, на пір, гаспадаром якога ёсць сам Кароль Сусвету? Штодзень накрыты стол, на якім няма нястачы. Мабыць, не госцем зайшоў той няшчасны на вяселле, апрануты не ў радасць і сардэчнасць, а ў фанабэрыстасць і насцярожанасць: "Ну, паглядзім, што у вас тут... Чым кормяць? Якія напоі падаюць? Не падумайце, што я – адзін з вас, убогіх, я толькі з уласцівай мне ветлівасці прыйшоў."
І такім прыхадням ты кажаш "Дружа", Пане?.. Які цудоўны шанец апамятацца, скінуць з сябе цяжкія шаты фарысейства і апрануцца ва ўдзячнасць і любоў! Не маўчыце ж, не галадуйце, сядайце за стол.
No comments:
Post a Comment