Пшанічнае поле. Ван Гог |
Калі нечакана поле дало шчодры ўраджай, ён ужо быў чалавекам не бедным, і ўспрыняў гэты прыбытак, як заслужаную ўзнагароду за свой жыццёвы клопат. Мне здаецца, ён быў з
такіх людзей, якіх сёння называюць “сэлф-мэйд-мэн”
– чалавек, які зрабіў сябе сам. Не так істотна, ці атрымаў ён поле ў спадчыну, ці
набыў, рухавіком дзейнасці былі тыя ж самыя турботы, што і ў нас зараз: не
галадаваць (што з цягам часу ператвараецца ў “смачней з’есці”), мець добрае адзенне, быць
паважаным чалавекам.
Усё гэта не далося
ў рукі само, калі ж змарнаваць лягчэй, чым захаваць і памножыць. Як бачым, ён меў поле,
работнікаў, нейкага эканома, напэўна, а таксама прылады працы, жывёлу, ды свірны
з засекамі, каб захоўваць дабро. І кожны
год ён рупіўся своечасова засеяць, дагледзець, зжаць і разумна
размеркаваць ураджай, каб атрымаць прыбытак. Сякі-такі даход поле прыносіла,
лічыўся ж багацеем, але седзячы за сваімі разлікамі, ён бачыў, што не можа
дазволіць сабе адпачыць, склаўшы рукі, выдаваць грошай больш, чым у мінулым
годзе, і нават даць вялікую вячэру, як, напрыклад, начальнік мытнікаў... А гэта
непрыемна, згадзіцеся. Ён ведаў, што не
галадуе і напэўна, дзякаваў Богу, што ён не такі, як тыя жабракі пад ягонай
брамай, але хацелася большага...
І вось па
невядомых прычынах ўраджай сабралі з поля вельмі, проста ашамляльна, вялікі.
"Ці то пасеялі ў добры час? Ці надвор’е спрыяла?" – задаваўся пытаннямі
ўладальнік. Эканом, спадзеючыся на падвышэнне заробку, напэўна, даводзіў,
што гэта сталася вынікам толькі ягонай рупліваці і розуму... Але багацей усведамляў,
што гэта – удача. Нарэшце, пашанцавала. Ужо махнуў рукой і скарыўся лёсу, а стаўся цуд. Поле як поле, год як год – а прыйдзецца свірны зруйнаваць, пабудаваць новыя, наняць
людзей, заплаціць за ўсё, і пшаніцы яшчэ застанецца на шмат бесклапотных гадоў!..
Здавалася б – што
не так? Усё спраўна падлічана і спланавана наперад. Пі, еш, гуляй на ўсе. Сумленне? Не, не
чуў. Вось парадокс: стурбаваны насцярожаны чалавек –
спіць, не фізічна, але духоўна. Сумленне нават не адазвалася ў багацея. Ці ты
голы і босы, што табе прызначана
гэтае багацце? Ці ты не даядаеш? За многія гады напружанай працы
ты навучыўся кіраваць і распараджацца дабротамі, мудра выкарыстоўваць час і
сродкі, эканомна выдаваць грошы – і слушна табе дадзена
гэтае дабро. Але дадзена дзеля тых, каго Бог хоча таксама накарміць, апрануць, сагрэць, навучыць.
Вялікі ўраджай быў запрашэннем увайсці ў Божы клопат. Сапраўдны шанец вызваліцца з жывёльнага страху, што заўтра Бог не накорміць, адарваць вочы ад разлікаў (і манітораў) і паглядзець на птушак нябесных, на кветкі палявыя, на сваіх бліжніх. Гэта магчымасць выйсці з ізаляцыі багацця, а не
будаваць большы свіран і вышэйшы плот.
З якім трэскам
закрыў наш знаёмы ўсе гэтыя дзверы, адчыненыя Богам, і пайшоў за сваёй хцівасцю, за вобразамі
будучых гулянак і вечарынак. На ягонае “от
цяпер зажыву” Езус кажа “не тым жывы чалавек, што мае”. І, аказваецца, ад Бога быў
бы той чалавек, які б прыйшоў і сказаў багацею: “Дурань! А што, калі заўтра ты
станеш на парозе неба, а там ты не сабраў анічога?” Мы-то ведаем, што ўжо сыпяцца,
ягоныя апошнія зямныя хвілінкі, як пясочак скрозь пальцы. А ён у
сваёй галаве свірны ды каморы будуе...
Як жа лёгка заўважыць, што не так у людзей, якіх мы лічым багатымі, і як непрыемна пачуць пра ўласную неразумнасць і малавернасць. Але трэба слухаць, разважаць трэба шукаць і стукацца ў неба, пакуль ёсць час.
Як жа лёгка заўважыць, што не так у людзей, якіх мы лічым багатымі, і як непрыемна пачуць пра ўласную неразумнасць і малавернасць. Але трэба слухаць, разважаць трэба шукаць і стукацца ў неба, пакуль ёсць час.
No comments:
Post a Comment