Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны.
Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх многаму вучыць. (Марк 6, 30-34)
Аўтар: Andy Otto SJ.
Ігнацыянскі дух адчуваецца ў кульмінацыйным пункце гэтага фрагмента Евангелля: Спыніся. Паразважай. Зноў вярніся да працы. І паўтары.
Мы жывем у паспешлівым свеце раскладаў, тэрміновасці і зубрэння. Амаль заўсёды спраў занадта шмат, каб іх перарабіць, і няма часу спыніцца. Звычайна я планую свае дзеянні і складаю спісы спраў, якія хачу скончыць, і турбуюся, калі гэта не атрымліваецца дастакова хутка. У карпаратыўным свеце адбываецца тое ж самае. Дасягненне мэтаў і планаванне пакідаюць няшмат часу для адпачынку ці паўзы. Езус і Ягоныя вучні зведалі нешта падобнае. Куды б яны ні пайшлі, натоўпы сціскалі іх, людзі прасілі аздараўлення, малітвы, мудрасці. Вучні былі загружаныя так, што амаль не было калі паесці. Так здараецца і ў нашым жыцці. Калі я вяртаюся дадому, а мяне чакаюць нейкія справы, я вячэраю паспешліва. Наступствы могуць быць малапрыемнымі.
Ва ўрыўку Евангелля, што мы прачыталі, Езус і Ягоныя сябры, нягледзячы на сваю занятасць, гавораць сабе СТОП. Перапынак у працы не азначае, што ты не клапоцішся пра яе, але сведчыць аб тым, што ты дазваляеш сабе разважанне і адпачынак, каб потым пачаць працаваць зноў і працягваць рабіць сваю справу са стараннасцю.
Ігнацыянскі спосаб сузірання ў дзеянні заключаецца ў тым, што тваё дзейнае жыццё корміць тваё кантэмпляцыйнае жыццё, а яно, у сваю чаргу, сілкуе твае дзеянні.
- Спыніся. Мы павінны спыніцца, каб не згубіць сэнс сваёй працы. Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. Першы крок – прагляд таго, што адбылося. Добра, калі ёсць магчымасць падзяліцца падзеямі, уражаннямі і думкамі пра свой дзень, тыдзень ці месяц са сваім сябрам, з блізкім чалавекам.
- Адпачні і паразважай. «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце» Адыйдзіся і падумай. Што табе давялося перажыць? Што адчуць? Чым напаўняюць цябе праца і адносіны з людзьмі? Што табе зараз трэба: перапынак, малітва, больш вольнага часу? Чалавек падчас адпачынку не толькі аднаўляе сілы, але атрымлівае магчымаць засвоіць вопыт мінулага і зрабіць высновы на будучыню. Што ты вынес для сябе з гэтай паўзы?
- Вярніся да працы, да сваіх заняткаў. І пачаў іх многаму вучыць. Ключавы момант на гэтым этапе – дазволіць часу, прысвечанаму разважанням і малітве, інфармаваць цябе, г.зн. дапамагчы табе выбраць правільны падыход да працы, якую ты робіш. Магчыма, ты зразумееш, што працуеш бяздумна, выконваеш "працу дзеля працы", а не дзеля Бога ці агульнага дабра. А можа, табе адкрыецца новы спосаб, як дасягнуць вынікаў у працы, заўважыць дэталі, палепшыць адносіны з супрацоўнікамі, ці знайсці больш часу на адпачынак.
- Паўтары. Ігнацыянская схема, якую мы зараз разглядаем, узяўляе сабой цыкл інфармавання. Актыўнасць прыводзіць нас да моманту, калі трэба спыніцца, азірнуцца назад, адпачыць, паразважаць, і вярнуцца да дзеяння.
Я памятаю са свайго навіцыяту ў езуітаў, што гэты ўрывак Евангелля нам чыталі, калі мы вярталіся пасля розных вандровак і эксперыментаў. Нас, навіцыяў, прызначалі ў розныя
месцы на вельмі розныя формы служэння. Па вяртанні мы ўсе садзіліся, як першыя вучні, і дзяліліся адзін з адным тым, што зрабілі і дасведчылі. Гэта быў сапраўдны прыклад вучнёўства ў дзеянні, абмеркаванне ж адрозненняў і падабенства атрыманага індывідуальнага вопыту дапамагло нам у нашым будучым служэнні
Пераклад з ангельскай.
Аўтар: Andy Otto
Крыніца: The Ignatian Way: Contemplative in Action
No comments:
Post a Comment