Тата з гармонікам у кагосьці на вяселлі |
Свет змяняецца за апошнія дні вельмі імкліва. Цяжка нават вылучыць, чаго зараз больш: новых выклікаў, вяртання савецкай імперыі або праяўлення таго, што нікуды не знікала, проста мы не хацелі гэтага бачыць. Якія б выпрабаванні ні чакалі нас наперадзе, вера будзе выпрабоўвацца ў першую чаргу. Захаваем мы яе? Напрыклад, нам толькі "не рэкамендуюць" удзельнічаць у любых мітынгах, калі яны не праўладныя, і мы не ходзім. А калі б з'явіўся кіраўнічы наказ "не хадзіць" у храм? Альбо хадзіць у строга вызначаныя дні? І без дзяцей, і пад страхам "самі ведаеце чаго"? Нашыя бацькі засталіся людзьмі веруючымі, а нашае "лайт"-хрысціянства можа і не вытрымаць. Добра, што вера – Божая ласка, а не наш высілак... Як і надзея, якой нам ужо не хапае (а ці просім мы Пана аб ёй?), як і дабрыня (дарэчы, а куды яна падзелася?...)
Я не магу ўявіць, што тата альбо ягоныя сябры бяруць ў рукі зброю, хоць, вядома, служылі ў войску. Добра ведаю, што ўмелі нікога не здрадзіць, не выдаць, умелі падтрымаць, застацца вернымі сваёму слову. Магчыма, зараз наша чарга даведацца, ці нашая вера і любоў змогуць вытрымаць цёмныя няўтульныя часы.
Мы яшчэ трымаем мінулае за гузік, бо там было цепла і спакойна, з коцікамі ў стужках сацыяльных сетак, з дробязямі і лянотай. Нібыта назаўтра прачнемся, а ўсё так, як было. Трэба гэта былое адпусціць і паглядзець у вочы цяперашняму часу і падумаць пра магчымае будучае. Спакойна. Божая воля на ўсё.
No comments:
Post a Comment